Эрых Марыя Рэмарк. Шэпт пасярод рову, крык сярод цішыні
25 верасня 1970 года не стала самага вядомага антываеннага пісьменніка Эрыха Марыі Рэмарка, чалавека, чый дэбют быў фенаменальным: раман «На Заходнім фронце без перамен» у першыя ж месяцы быў прададзены накладам у 1,5 млн асобнікаў і дагэтуль застаецца адным з самых чытаных твораў германскай літаратуры.

Эрых Марыя Рэмарк
Калі зло паглынае розумы і душы людзей і калі здаецца, што несправядлівасць, боль і смерць будуць вечнымі, вельмі важна мець побач кагосьці, хто скажа, што гэта няправільна, што так не мусіць быць. Часам гэта будзе шэпт пасярод рову, часам — адчайны гучны крык пасярод цішыні, але ў любым разе прамоўленае ў абставінах, калі пад пытаннем і чалавечнасць, і само жыццё, не мае цаны.
Можа быць, таму раманы Эрыха Марыі Рэмарка маюць такую значнасць. Пісьменнікі ўвесь час робяць работу над памылкамі за чалавецтва, якое ўсё ніяк не навучыцца і раз за разам паўтарае адны і тыя ж памылкі. Здавалася б, ну якая вайна можа быць пасля рамана «На Заходнім фронце без перамен»? Хто пагодзіцца аддаваць сваё жыццё за бясцэнак, за пустую ідэю — і за яе ж станавіцца забойцам? Але пройдзе ўсяго дзесяць гадоў пасля таго, як твор выйдзе з друку, стане бестсэлерам, будзе адразу перакладзены на некалькі дзясяткаў моў і экранізаваны, — і свет захлынецца рэкамі крыві ў новай, самай бязлітаснай і маштабнай вайне ў гісторыі.
Глядзіце таксама

Вайна — не чужое нам слова. Нават не бачыўшы на ўласныя вочы, мы распазнаем яе абрысы і адразу ўлоўліваем пах, мы чакаем яе, як чакаюць злодзеяў, прыслухоўваючыся да крокаў на сходах. Яна ў нас у крыві — ад пакаленняў пра-, бабуль і дзядуль. І таму, знойдзеная ў радках і паміж імі, становіцца блізкай — менавіта там, дзе аўтар што ёсць моцы крычыць: «Спыніцеся!»
Рэмарк пісаў «па гарачых слядах». У той час, як Еўропа сціралася з твару зямлі скуранымі ботамі нацыстаў, на іншым канцы свету, у Злучаных Штатах, куды быў вымушаны эміграваць праз цкаванне на радзіме, пісьменнік ствараў свае антываенныя творы. За пазіцыю, за праўду ён заплаціў не толькі спаленымі накладамі ўласных кніг, але і жыццём малодшай сястры, якую гітлераўская Германія забіла на знак помсты. Такі вось кошт таленту і смеласці называць рэчы сваімі імёнамі і заставацца сабой.
Згадваючы Рэмарка, можна назваць цэлы шэраг цікавых фактаў: пра змену імені ў гонар маці і цікавы працоўны досвед, пра поспех у жанчын і шлюб даўжынёй у жыццё — у літаральным сэнсе слова (пісьменнік пабраўся шлюбам са сваёй былой жонкай Ільзай, каб вывезці яе з Трэцяга Рэйху), пра любоў да музыкі і жывапісу і калекцыянаванне шэдэўраў сусветнага мастацтва, пра раман з Марлен Дзітрых і сяброўства з Чарлі Чаплінам... Незвычайны, яркі чалавек пражыў незвычайнае і яркае жыццё, само па сабе вартае кнігі ці фільма. Але мы спынімся на кнігах, якія ён напісаў.
Глядзіце таксама

Праз 52 гады пасля смерці майстра слова (а сёння, дарэчы, якраз гадавіна), у 2022 годзе, калі Расія падступна напала на Украіну і распачала гарачую фазу вайны, Эрых Марыя Рэмарк зноў стаў самым папулярным пісьменнікам. Тут нічога не застаецца, акрамя як яшчэ раз звярнуць увагу на талент: напісаць так, каб твор сам па сабе быў завершаным, цэльным, самадастатковым, не выглядаў хронікай падзей, запісанай на ўрыўках шпалер пад бомбамі, і чытаўся праз дзясяткі гадоў так, нібыта напісаны пра дзень сённяшні, пра нашы падзеі і нашы пачуцці, пра тое, што мы самі пакуль вымавіць не ў стане.
Прывіды вайны, якія перашкаджаюць жыць тром таварышам з аднайменнага рамана, Равіку з «Трыумфальнай аркі», героям «Чорнага абеліска», — гэта нашы сны і наша будучыня. Мы самі цяпер — героі такіх раманаў, а таму і шукаем сябе ва ўжо напісаным, каб упэўніцца, што тым, кніжным, героям хапіла сіл перажыць страшнае.
Сімвалічнай і да дрыжыкаў кранальнай ёсць назва іншага, менш вядомага, але не менш важнага рамана Рэмарка — «Палюбі бліжняга свайго». Выносячы на вокладку біблейскі запавет, пісьменнік не проста нагадвае чытачу прапісныя ісціны — гэтай фразай ён супрацьстаіць той істэрыі і нянавісці, якую раздзьмула НСДАП у міжваеннай Германіі, нагадвае, што людзі, здольныя любіць, не могуць быць ні «трэцяга гатунку», ні «другога» — аніякага. Любоў ёсць адказам на зло, абяцаннем новага «заўтра», спосабам выжыць.
Глядзіце таксама

«Страчанае пакаленне», як называла міжваенных пісьменнікаў Гертруда Стайн, шукала адказы на тое, як жыць далей — з веданнем таго, на што здольны чалавек, з разбітым падмуркам каштоўнасцей, з болем ад незваротных страт. Гэтыя пытанні гучаць прамым тэкстам і між радкоў у рамане «Іскра жыцця» — можа быць, самым незвычайным тэксце ў творчасці Рэмарка. Гэта не толькі і не столькі антываенны твор, колькі спроба знайсці надзею — як героям рамана, зняволеным у канцлагеры, так і аўтару пасля забойства сястры (якой, дарэчы, і прысвечаны раман). Канцэпцыя пошуку сэнсу для жыцця ў невыносных абставінах стала вядомай дзякуючы Віктару Франклу, які распрацаваў яе ў літаральным сэнсе на сабе, прайшоўшы праз канцлагер, — але адначасова з ім шмат пісьменнікаў і філосафаў спрабавалі знайсці апраўданне існаванню чалавека пасля жудасцей Другой сусветнай вайны.
Можна толькі ўяўляць, як было ва ўсім гэтым Рэмарку — германцу, пазбаўленаму грамадзянства, асабістаму ворагу Гебельса, пісьменніку, здольнаму бачыць і адчуваць больш, чым іншыя, былому салдату, які на ўласныя вочы бачыў гвалтоўную смерць. Яго перадапошні раман «Ноч у Лісабоне» — якраз пра гэта: пра досвед эмігранта, якому нідзе няма месца, пра радзіму, якая перастала быць ласкавай маці і стала злой мачахай, пра марныя спадзевы на асабістае шчасце, «каханне падчас халеры», якое нязменна заканчваецца адным і тым жа.
У сваіх аўтабіяграфічных раманах сабе Рэмарк не пакідае шанцу на літасцівасць лёсу. Ён застаецца «страчаным» да самага канца, і ўся яго творчасць, такая блізкая нам сёння, быццам гаворыць пра тое, што пакаленне, якое дыхала пылам франтоў і перажыло жахі вайны, мусіць сысці, раскласціся, як радыеактыўныя элементы, вызваліць месца для чагосьці іншага, больш здаровага, чыстага — для таго, у чаго будзе час пажыць перад тым, як памерці. Гледзячы на сённяшні час, міжволі задумваешся: а ці не прысуд гэта нам?