«Розум дадзены чалавеку, каб ён зразумеў: жыць адным розумам нельга»
125 гадоў, 22 чэрвеня 1898 года, нарадзіўся Эрых Паўль Рэмарк. Раман «На Заходнім фронце нічога новага» прынёс яму сусветную вядомасць і не меншыя праблемы на радзіме — асабіста Ёзэф Гебельс узначаліў кампанію па забароне і знішчэнні яго кніг. Чаму ж ягоныя творы на працягу амаль стагоддзя застаюцца досыць актуальны
У 19 гадоў Эрых удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, быў цяжка паранены. Страціў маці, у гонар якой змяніў другое імя з Паўль на Марыя. Да 26 гадоў ён паспеў папрацаваць настаўнікам, прадаўцом надмагільных помнікаў, бухгалтарам і нават граў на аргане ў шпіталі для псіхічнахворых. Большасць ягоных твораў аўтабіяграфічныя, Эрых Марыя сам прысутнічае на іх старонках пад рознымі імёнамі. У верасні 1937 года Рэмарк у Венецыі знаёміцца з вядомай актрысай Марлен Дзітрых і імгненна ўлюбляецца ў яе. У 1938 годзе пачынае працу над знакамітай «Трыумфальнай аркай», у якой правобразам Жаан Маду з'яляецца менавіта Дзітрых, а сам аўтар паўстае ў вобразе Равіка — Марлен менавіта так называла Рэмарка.
Такіх прыкладаў шмат і, магчыма, менавіта ў гэтым ёсць частка сакрэту папулярнасці творчасці Рэмарка — усе падзеі, які здараюцца на старонках яго твораў, ён перажыў асабіста. Асноўныя героі — простыя людзі са сваімі турботамі, недахопамі, набыткамі і стратамі. Майстэрства Рэмарка ў тым, што ён паказвае абсалютна жывых людзей, якіх мы сустракаем кожны дзень. Яны ядуць, п’юць, працуюць, кахаюць, памыляюцца і нават ходзяць у прыбіральню. У творах Рэмарка амаль няма адназначна станоўчых і адмоўных персанажаў — чытач сам, у адпаведнасці са сваім досведам і поглядамі, вызначае для сябе герояў, што найбольш імпануюць менавіта яму. Гэта могуць быць зусім розныя людзі, але ў тым і ёсць мастацкі дар аўтара — паказваць людзей і іх паводзіны з розных бакоў у розных абставінах.
Што тычыцца актуальнасці, то я не зраблю вялікага адкрыцця, калі скажу, што амаль за стагоддзе са дня выхаду «На Заходнім фронце нічога новага» ў свеце мала што змянілася — войны рознага маштабу і працягласці не спыняліся амаль ні на дзень. «Сэнс вайны — знішчэнне людзей», — гэта словы Рэмарка. Вайну можна назваць спецаперацыяй ці яшчэ як-небудзь, але сэнс ад гэтага не зменіцца, як не зменіцца і вынік — смерць і знішчэнне. У кожнай вайне ёсць тыя, хто загінуў, і тыя, хто выжыў. Менавіта з расповедаў апошніх мы ведаем пра тое, што там адбывалася. У абсалютнай большасці выпадкаў гэтыя расповеды залежаць ад асабістых і палітычных поглядаў удзельнікаў. У Рэмарка атрымалася пазбегнуць гэтых уплываў і выявіць у сваіх творах сапраўдныя, жудасныя і непрыбраныя ні ў якія рамкі праўдзівыя карціны вайны і, што яшчэ больш каштоўна, — натуральныя адчуванні ўдзельнікаў як падчас баявых дзеянняў, так і пасля іх. На жаль, усё гэта застаецца вельмі актуальным і ў наш час.
Гісторыя здзекліва абышлася з пісьменнікам — у дзень яго народзінаў 22 чэрвеня 1941 года з нападу Германіі на СССР пачаўся самы крывавы этап Другой сусветнай вайны. Эрых Марыя Рэмарк у 1965 годзе пісаў: «Другая сусветная вайна была іншай. Яна не вылілася ў праявы абурэння, немыя крыкі, у рэвалюцыю. Вайна абярнулася абсалютнай паразай. Яна аказалася прайгранай не толькі ў разбураных ад бамбёжкі гарадах, але і ў загубленых галовах і душах. І нарэшце, вайна выклікала яшчэ адно страшнае ўзрушэнне: усведамленне таго (гэта не стала працверажэннем, як у 1918 годзе), што яна была пазбаўлена мэты. Усё выглядала ў сотні разоў жахлівей — высветлілася, што ахвяры былі прынесеныя ва ўгоду забойцам і злачынцам. За спінай, як у 1918 годзе, не засталося залітае крывёю поле бітвы, на якім, зрэшты, яшчэ ўзвышаліся руіны старых паняццяў аб гонары. Але гэта нагадвала хутчэй бойню, на якой сляпыя вернікі свядома і несвядома станавіліся памагатымі катаў, а лік безабаронным ахвярам заклання ішоў на мільёны».
Я часта перачытваю творы Эрыха Марыі Рэмарка і ўсё больш пераконваюся ў тым, што мы зараз жывем не ў «1984» Оруэла, а даволі хутка крочым да часоў, якія так дакладна і трапна апісаў Рэмарк. На жаль, людзі, якія вырашылі, што могуць кіраваць лёсам іншых, Рэмарка, відаць, не чыталі.