«Фэмінісцкая літаратура ў Беларусі пачалася задоўга да мяне». Інтэрв'ю з пісьменніцай Тоні Лашдэн

Пісьменні:ца, фемініст:ка і квір-актывіст:ка Тоні Лашдэн распавядае ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» пра літаратуру і фемінізм, салідарнасць і каланіялізм, 8 сакавіка і правы жанчын.

Тоні Лашдэн

Тоні Лашдэн

«Я пісьменьні:ца, фэмініст:ка і квір-актывіст:ка»

— Для нашых чытачоў, магчыма, ня так добра вядомыя вашы імя, грамадзкая дзейнасьць і творчасьць. Калі ласка, раскажыце крыху пра сябе. 

— Я небінарная асоба, таму на пісьме ўзаемазаменна выкарыстоўваю займеньнікі «ён» і «яна». Акрамя гэтага, я выкарыстоўваю гендэрнае двухкроп’е ( : ) у словах з граматычным родам. Для мяне вельмі важна пакінуць яго ў тым, што і як я пішу і кажу пра сябе.

Я пісьменьні:ца, фэмініст:ка і квір-актывіст:ка. У Менску я каля дзесяці гадоў працава:ла з абаронай і прасоўваньнем правоў жанчын, дзяўчат і ЛГБТКІ+ людзей. Акрамя гэтага, займа:лася псыхаактывізмам — павышэньнем дасьведчанасьці аб псыхічным дабрабыце.

Мая першая кніга выйшла ў 2021 годзе ў выдавецтве «Галіяфы», якое было ліквідаванае дзяржавай у 2023-м. Кніга выйшла на расейскай мове і называлася «Последний автобус уходит в восемь». Гэтая кніга — пра адносіны паміж людзьмі і страту блізкасьці, а яшчэ яна пра мой досьвед жыцьця на Поўначы.

Я сябра Беларускага ПЭНу, сузаснавальні:ца менскай квір-фэмінісцкай ініцыятывы і суарганізатар:ка лябараторыі фэмінісцкага пісьма «Расьцяжэньне».

Тоні Лашдэн

Тоні Лашдэн

«Фэмінісцкая пісьменьніца піша „ад сябе“, праз сваю вельмі канкрэтную сацыяльную пазыцыю, праз свой асабісты досьвед дыскрымінацыі»

— Апошнім часам вы актыўна ўдзельнічалі ў некалькіх беларускіх літаратурных імпрэзах, на якіх выразна гучала тэма фэміністычнай літаратуры. Ці можна вас назваць прадстаўніцай гэтай літаратуры? Ці належыць да яе ваша новая кніга «Чорны лес»?

— Я адназначна вызначаю сябе як фэмінісцк:ую пісьменьні:цу і лічу сваю творчасьць фэмінісцкай. Мая апошняя кніга наўпрост працуе з гэтай оптыкай праз тэмы цялеснасьці, сэксуальнага і фізычнага гвалту, сэксуальнасьці і трансфармацыі адносінаў паміж прыродай і людзьмі.

— А што адрозьнівае творы сучасных беларускіх аўтарак-фэміністак ад іншых? Па якіх прыкметах чытач можа зразумець, што перад ім кніга, напісаная ня проста літаратаркай-жанчынай, а менавіта фэміністкай?

— Я асабіста вызначаю фэмінісцкае пісьмо як літаратурны кірунак, які ставіць перад сабой дзьве вялікія задачы.

Першая — гэта падсьвятленьне структураў капіталістычнага і патрыярхальнага прыгнёту і актыўны пошук стратэгіяў вызваленьня ад гэтага прыгнёту празь літаратуру. Кнігі, напісаныя фэмінісцкімі літаратаркамі, будуць сфакусаваныя ў той ці іншай ступені на пытаньнях улады і маргіналізацыі. Фэмінісцкія пісьменьніцы працуюць зь вельмі шырокім колам тэмаў, пачынаючы ад прыватных адносінаў у сям’і і заканчваючы маштабнымі пытаньнямі пра месца людзей у сьвеце.

Глядзіце таксама

Фэмінісцкае пісьмо ня толькі шукае мову для апісаньня траўматычнага досьведу, які можа быць табуяваны, як, напрыклад, досьвед гвалту, але і прапануе новыя формы гэтай мовы, якія дапамагаюць асабістаму і калектыўнаму лекаваньню. У якасьці ілюстрацыі тут я хаце:ла б згадаць кнігі Юліі Цімафеевай «Менскі дзёньнік», «Час пустазельля» Ганны Янкуты, «Мы вернемся» Ганны Комар і, вядома, зборнік «Расьцяжэньне». Усе гэтыя кнігі перапрацоўваюць надзвычай балючы досьвед 2020–2023 гадоў праз эмпатыю і чуйнасьць да гэтай траўмы.

Другая задача фэмінісцкага пісьма — гэта вярнуць выключаныя галасы ў літаратуру. Фэмінісцкая пісьменьніца піша «ад сябе», праз сваю вельмі канкрэтную сацыяльную пазыцыю, праз свой асабісты досьвед дыскрымінацыі. Яна не апрапрыюе чужыя галасы і гісторыі, а стараецца расказаць пра свой сьвет праз канкрэтную прызму, будзь гэта прызма пісьменьніцы зь вёскі, лесьбійкі ці палітвязынкі. У якасьці прыкладу тут я хачу згадаць празаічныя кнігі Дар’і Трайдэн і Вольгі Гапеевай, паэзію Крысьціны Бандурынай і Насты Манцэвіч, кнігу Вікі Біран.

Калі чытачы бачаць працу з гэтымі задачамі, тады мы можам гаварыць пра фэмінісцкую кнігу.

Глядзіце таксама

— У 2006 годзе ў сэрыі «Кнігарня „Наша Ніва“» пабачыла сьвет кніга «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю». Гэта быў зборнік беларускага жаночага апавяданьня, які меў даволі шырокі розгалас. Прайшло амаль два дзесяцігодзьдзі. Якія кнігі, што зьявіліся пасьля таго зборніка, сталі працягам заяўленай тады яго аўтаркамі адметнае тэмы, стылістыкі, мовы?

— Мне вельмі радасна чуць гэтае пытаньне, бо яно для мяне пра пераемнасьць літаратуры і беларускага літаратурнага працэсу. Я заўсёды кажу, што да мяне, маіх каляжанак, лябараторыі «Расьцяжэньне» пісала, тварыла і працавала велізарная колькасьць жанчын. Часам мы ведаем пра іх уклад, а часам, у сувязі з тым, як працуе калектыўная памяць, хто застаецца бачным і ўваходзіць у літаратурны канон, а хто не, мы пра яго ня ведаем. Для мяне прынцыпова важна гаварыць пра гістарычнасьць і пераемнасьць фэмінісцкага пісьма ў Беларусі. Мы ня «першыя» і не «адзіныя», мы — прадаўжальніцы традыцыі быць свабоднымі і пісаць пра тое, што мы лічым важным.

Гэты зборнік, безумоўна, адпраўны пункт для дыскусіі пра тое, дзе фэмінісцкая літаратура цяпер. Хачу адзначыць, што шмат хто зь яго аўтарак, напрыклад, Ева Вежнавец і Марыя Вайцяшонак, за 20 гадоў сталі вядомымі ўсім і ўсюды пісьменьніцамі.

Калі глядзець на розьніцу паміж тым, як выглядаў жаночы тэкст тады і як ён выглядае цяпер, то я б сказа:ла, што цяпер большая колькасьць аўтарак працуе ў кросжанравасьці, то бок спалучае і жанры, і формы ў сваіх працах. І ў параўнаньні зь мінулым цяпер на месца мастацкай прозы прыйшлі аўтафікшн і дакумэнтальная проза.

Глядзіце таксама

— Ці лічыце вы свае творы і творы вашых сябровак працягам той спробы запісаць фэміністычную літаратуру ў асобны разьдзел гісторыі сучаснага беларускага пісьменства? Раскажыце, калі ласка, коратка пра тых аўтарак, якія, на вашу думку, павінны быць прадстаўленыя ў гэтым разьдзеле.

— Для мяне гэта падзея, якая ўжо адбылася. Фэмінісцкая літаратура ў Беларусі пачалася задоўга да мяне, таму мне асабіста нічога ня трэба ўпісваць. Сваю задачу я бачу ў тым, каб працягваць гэтую справу, гучней гаварыць пра тое, што можа прапанаваць такая літаратура ў сёньняшніх рэаліях, і ствараць прасторы, дзе іншыя літаратаркі могуць дасьледаваць сябе.

Жаночая літаратура ў Беларусі таксама ёсьць, і гэта цудоўна, што жанчыны знаходзяць сябе ў розных літаратурных напрамках, а ня толькі працуюць у межах фэмінісцкага пісьма. Чым больш розных жаночых галасоў мы пачуем, тым багацейшая будзе наша літаратура.

Сярод маладых паэтак і пісьменьніц, якія працуюць цяпер, мне хацелася б адзначыць Сеню Лукашэню, Вікту Трыфанаву, Вольгу Касьцюк, Валерыю Ваўкагонаву і Вікту Ўдовіну. Акрамя іх, я асабіста пільна сачу за драматургічнымі працамі Алены Іванюшанкі і Ўлады Хмель.

Глядзіце таксама

«Для мяне асабіста вельмі важна шукаць стратэгіі ўяўленьня будучыні вольнай Беларусі, дзе разнастайнасьць і рознасьць — гэта ўшанаваныя каштоўнасьці»

— Нядаўна выйшла кніга «Карані/Лісьце», у стварэньні якой вы бралі самы непасрэдны ўдзел. Прадстаўляючы выданьне, вы назвалі яго зборнікам беларускіх дэкаляніяльных тэкстаў. Калі ласка, патлумачце, што ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе пад тэрмінам «дэкаляніяльная літаратура».

— Зборнік «Карані /Лісьце» — мой вялікі гонар. У гэтым зборніку я выконва:ла ролю сурэдактар:кі разам з маёй каляжанкай Уладай Хмель, і гэтая роля дапамагла мне пагрузіцца ў складаны і шматгранны гістарычны досьвед, пра які пісалі аўтаркі зборніка.

Мы апісваем гэты зборнік як зборнік дэкаляніяльнага пісьма, каб падкрэсьліць, што тэксты гэтага зборніка працуюць з пытаньнямі вызваленьня з-пад уплыву мінулых ці сучасных імпэрыяў, рэфлексіі над залежнасьцямі, якія былі выбудаваныя і ў каляніяльных адносінах, і актыўнага пошуку інструмэнтаў пераадоленьня гэтых залежнасьцяў. Гэта тэксты пра разарваныя і зьнішчаныя сямейныя сувязі, заблытанае мінулае і сучаснае, страчаныя і знойдзеныя мовы і культуры ў Беларусі.

Тоні Лашдэн, актывістка беларускага фэміністычнага руху, літаратарка

Тоні Лашдэн, актывістка беларускага фэміністычнага руху, літаратарка

Мая апошняя кніга, «Чорны лес», таксама сфакусаваная на пытаньнях дэкалянізацыі. Для мяне асабіста вельмі важна шукаць стратэгіі ўяўленьня будучыні вольнай Беларусі, дзе разнастайнасьць і рознасьць — гэта ўшанаваныя каштоўнасьці.

«Для мяне 8 сакавіка — гэта дзень салідарнасьці і барацьбы за правы жанчын»

— Прэзэнтацыю гэтай кнігі вы прымеркавалі да 8 сакавіка. Чаму і чым для вас важны гэты дзень? Які сэнс вы ў яго ўкладаеце і якія эмоцыі адчуваеце, сьвяткуючы Міжнародны жаночы дзень?

— Для мяне 8 сакавіка — гэта дзень салідарнасьці і барацьбы за правы жанчын. Плянуючы прэзэнтацыю менавіта на гэты дзень, мы хацелі, па-першае, даць прастору для аўтарак зборніка «Карані/Лісьце» і іх рознабаковых, палітычна моцных галасоў, якія, без сумневу, павінны гучаць 8 сакавіка. А па-другое, мы хацелі адзначыць працу нашых каляжанак у фэмінісцкім руху. 8 сакавіка на прэзэнтацыі кнігі мы зьбіраем грошы для ініцыятывы «Палітвязынка», якая дапамагае беларускім жанчынам у палітычным зьняволеньні. Для мяне гэта жывая і вельмі канкрэтная дапамога, якую мы можам аказаць як літаратаркі.

Глядзіце таксама