Святлана Алексіевіч: «Мілая Маша, пішы доўга»

Вядомая беларуская пісьменніца і паэтка Марыя Вайцяшонак 1 снежня адзначае 80-годдзе. Са словам да юбілея выступіла яе сяброўка — пісьменніца Святлана Алексіевіч.

maryja_vajcjaszonak.jpg


У Марыі Вайцяшонак адметны голас і ў паэзіі, і ў прозе, я думаю, што і тое, і другое ў яе паэзія. Такі ў яе погляд на свет — усё пад гэтым поглядам пераўтвараецца, у любой дробязі, у самым звыклым імгненні паўсядзённасці бачыцца штосьці вечнае. Напэўна, гэта святло.
Мы з Машай ўжо ведаем адна адну паўстагоддзя, аднак я не перастаю захапляцца, як радасна яна ўмее жыць, браць сілы і веру, якім, здавалася б, няма адкуль узяцца. Аднекуль з самой сябе, з уласных сховаў. Як нядаўна яна напісала: “Трэба жыць, жыць”. Усё яе жыццё — супраціўленне.
Нарадзілася ў сібірскіх рудніках ў сям’і сасланага перад вайною асадніка: бацька — паляк, маці — беларуска.Сям’я там загінула, а яна вучылася голасу і роднай мове ў цёткі Марылі, сястры маці, якая яе маленькую ўратавала. Непісьменная, аднак змагла дамагчыся, каб дзіцё ёй аддалі, вярнулі. Здаўна назапашваўся ў гэтым родзе талент, бо цётка Марыля была таленавітая пявуння, яна добра спявала, часцей адпявала “нябожчыкаў”, тых, хто пакінуў гэты свет, але яшчэ не паспеў дайсці да Бога, распавесці яму сваё жыццё. Цётка Марыля дапамагала яму і ягонай радні, якая сіратліва ўзіралася ў нябёсы. А куды яшчэ было глядзець?
Я не паспела пабачыць цётку Марылю, за год да нашае сутрэчы з Машай яна памерла, але мне здаецца, што душа ў Машы цётчына. І справа на зямлі цётчына — здзіўляцца і смуткаваць. Не сустракала іншага чалавека, які б так, як Маша, востра, амаль хваравіта адчуваў недасканаласць нашага свету: як пакутуюць людзі, птушкі, звяры — усе ажно да кветачкі. На лецішчы ў нас нікому нельга сарваць кветачку проста так, дзеля прамільгнулага настрою. У Машы любяць бываць вясковыя дзеці, і я не раз чула яе ўрокі: “Навошта ты сарваў кветачку? Ёй жа балюча!” І божай кароўцы таксама балюча…. Ва ўсіх ёсць душа.
Гэта філасофія ўсіх Машыных тэкстаў. Людзі яшчэ не навучыліся радаваць свайго аслабелага ад жорсткасці і нянавісці ў свеце анёла. Анёла можна парадаваць толькі тым, што хочаш быць чалавекам. Чалавекам дабрыні.
Марыя Вайцяшонак — пісьменніца, якая сама па сабе традыцыя, стыль і мова, яна — вялікая падзея ў нашай літаратуры. Лёгкасць яе мовы ад паўнаты пачуццяў, а паўната пачуццяў ад таго, што яна ведае, яшчэ маленькай і адзінокай дзяўчынкаю ў Сібіры здагадалася, — жыць страшна і ў той жа час цікава. Героі Марыі Вайцяшонак пастаянна пра гэта думаюць. За кожнае сваё слова яна сумленна плоціць.
«Новы Час» шчыра віншуе Марыю Вайцяшонак з юбілеем! Зычым моцнага здароўя, шчасця і творчага  плёну!