Роберт Тышкевіч: Алесь Бяляцкі — твар беларускай грамадзянскай супольнасці
Беларускі палітвязень, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі атрымаў узнагароду польскага амбудсмена імя Паўла Уладковіча. Прэмія прысуджаецца штогод за абарону асноўных правоў і свабодаў.
Як паведамляе Polska Agencja Prasowa, Алесь Бяляцкі — першы лаўрэат гэтай узнагароды, які не з'яўляецца грамадзянінам Польшчы. Цырымонія прайшла ў Сенаце Польшчы ў Міжнародны
дзень правоў чалавека.
Старшыня парламенцкага камітэта па замежных справах Роберт Тышкевіч ў сваёй прамове ў гонар Алеся Бяляцкага сказаў, што гэта вялікі дзень для ўсіх сяброў Беларусі. Ён адзначыў, што Бяляцкі,
будучы «тварам народа гэтай краіны», імкнуўся да дэмакратыі і асноўных правоў чалавека.
«Беларускага грамадзянская супольнасць і яе ініцыятывы ў барацьбе за правы чалавека дэманструюць у першую чаргу мужнасць людзей, якія жадаюць і чакаюць пераменаў. Людзі, якія гатовыя
змагацца за каштоўнасці, па-ранейшаму ахвяруюць сабой. Алесь Бяляцкі — яркі прадстаўнік беларускай грамадзянскай супольнасці, яе твар», — сказаў Тышкевіч.
Прымаючы ўзнагароду з рук амбудсмена Польшчы Ірэны Ліпковіч, Алесь Бяляцкі сказаў, што разумее, што гэта ясная праява салідарнасці з боку польскага народа і ўпаўнаважанага па правах чалавека ў
дачыненні да ўсіх беларусаў, якія хочуць жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне.
«Барацьба за правы чалавека, за свабоду ў Беларусі працягваецца. Выдатна памятаю, як змагаюцца палякі, якія ёсць выдатным прыкладам для нас», — дадаў ён.
Ён падкрэсліў, што, хоць ён сам, дзякуючы намаганням міжнароднай супольнасці быў вызвалены з турмы, у Беларусі застаюцца шэсць палітвязняў, моладзевыя актывісты падвяргаюцца пераследу, а
дзейнасць незалежных СМІ абмяжоўваецца. Паводле яго ацэнак, сітуацыя з правамі чалавека ў рэгіёне пагаршаецца ў выніку агрэсіі Расіі ва Украіне.
«Мы павінны памятаць пра тое, што вельмі гвалтоўна пагаршаецца сітуацыя з правамі чалавека ў самой Расіі, хоць мы пастаянна гаворым толькі пра канфлікт на Данбасе. У Расіі таксама
атакуюць няўрадавыя арганізацыі, якія назвалі мянушкай замежных агентаў, закрываюць СМІ і змяншаюцца грамадзянскія свабоды»,— падкрэсліў Алесь Бяляцкі.
svaboda.org