Рыцар роднай мовы
Паэт, эсэіст, крытык, перакладчык, укладальнік унікальных анталогій, даследчык жыцця і творчасці Ларысы Геніюш, Міхась Скобла 23 лістапада адзначае сваё 50-годдзе.
Сям’я
Маці Міхася Скоблы — Леакадзія Уладзіміраўна (у дзявоцтве Дубовая) расла ў вёсцы Бародзічы, побач з райцэнтрам, пасёлкам Зэльвай. У сям’і было трое дзяцей: старэйшая сястра, яна і брат. Будучы муж, Уладзімір Васільевіч Скобла, часта наведваўся ў Бародзічы, бо тут жылі яго сваякі. А самі Скоблы жылі на хутары каля вёскі Пяляжын. Сустрэчы Леакадзіі і Уладзіміра былі нячастымі: сялянскае жыццё не вельмі багатае на святы і вольныя ад работы дні. Калі зразумелі, што яны створаныя адзін для аднаго, ажаніліся. Сціплае вяселле адбылося ў 1959 годзе. Жылі на хутары ў старой бацькоўскай хаце.
Уладзімір Васільевіч быў спрытны да працы, і нікому не здалася недасяжнай яго мара пра асабісты дом у вёсцы. Падрасталі дзеці, з вёскі ім лягчэй было дабірацца ў школу, вось і пачаў малады гаспадар клапаціцца аб выдзяленні месца пад будучы дом, набыцці матэрыялаў. Некалькі гадоў ішла падрыхтоўка, яшчэ некалькі — будаўніцтва. Хата атрымалася такой, пра якую марыў: моцнай, прасторнай, светлай.
Усе дзеці Скоблаў — трое хлопцаў — нарадзіліся яшчэ на хутары. Калі Уладзімір Васільевіч позняй восенню 1966 года адвёз жонку ў Дзярэчынскую ўчастковую бальніцу, вельмі спадзяваўся, што трэцім дзіцём будзе дзяўчынка. Але… «Напэўна, Міша нарадзіўся такім прыгожым, што мы з мужам вельмі чакалі дачушку», — згадвае зараз Леакадзія Уладзіміраўна з цёплай усмешкай.
Раслі хлопцы працавітымі, работу на мужчынскую і жаночую не дзялілі. Выканаўшы «абавязковы мінімум» хатніх работ, кожны займаўся сваёй справай. У Міхася было два захапленні: рыбалка і кнігі. «Яшчэ я толькі падымуся кароўку даіць, а Міша ўжо коціцца з ложка, каб бегчы на рыбу, — згадвае Леакадзія Уладзіміраўна. — Але паступова рыбалка адыходзіла на другі план, і галоўнай любоўю сталі кнігі. Ён і чытаць сам навучыўся, ніхто яму асабліва і не паказваў літар. Глядзеў, як чытаюць старэйшыя, уцямліваў, што да чаго, і пачаў па газетах чытаць, здзіўляючы нас з бацькам». Калі Міхась пайшоў у школу, ужо не толькі чытаў, але і шмат вершаў на памяць ведаў.
Прачытаныя ў раннім узросце кнігі будзілі ўяўленне хлопчыка, давалі глебу для роздуму, пошуку параўнанняў.
Калі Міхась пайшоў ва Угрынскую васьмігодку і адкрыў для сябе вясковую бібліятэку, кнігі ўзялі яго ў палон канчаткова. Возьме адну-дзве кнігі — і «глытае» іх на перапынках, а ідучы дамоў зноў ідзе ў бібліятэку за новай порцыяй кніг. Замест гарбаты з булачкай, на якія давала грошы маці, купляў кнігі. Купляў і на асабістыя зберажэнні: летам хадзіў у калгас на працу і меў невялікі заробак. Рос Міхась — расла і колькасць кніг. Калі адыходзіў у армію, развітваўся з кнігамі, як з жывымі істотамі. «Як я вас пакіну?!» — выпадкова пачула маці тужлівае пытанне-вокліч сына, які стаяў каля сцяны з кнігамі…
Вершы Міхась таксама пачаў пісаць рана. Не афішаваў свайго занятку, але і браты, і бацькі заўважалі, як хуценька хаваў хлопчык лісцікі спісанай паперы ад іх зацікаўленага позірку. Леакадзія Уладзіміраўна і зараз не перастае здзіўляцца, як у сына так хораша атрымліваецца выказаць думку ў рыфме. «Здаецца, не было ў радні паэтаў, не ведаю, у каго ён удаўся, — разважае яна. — І Коля, і Саша таксама старанна вучыліся, але такой непамернай цягі да кніг, як у Мішы, у іх не было».
Роля настаўнікаў
І ва Угрынскай васьмігодцы, і ў Дзярэчынскай сярэдняй школах Міхась вучыўся добра, але асабліва шчыраваў над падручнікамі роднай і рускай літаратур. Філолагі былой Угрынскай школы Ірына Венская і Ганна Сончык з цеплынёй гавораць пра ўсіх хлопчыкаў з сям’і Скоблаў. Але Міхась запомніўся, бо часта выручаў настаўнікаў, калі школе трэба было прымаць удзел у раённых конкурсах рознай тэматыкі. У школе ведалі пра яго паэтычныя здольнасці: хлопчык быў сябрам рэдкалегіі насценгазеты, ярка і вобразна выступаў на розных агульнашкольных зборах. Калі на раённы конкурс спатрэбілася сачыненне, Ганна Уладзіміраўна звярнулася да Скоблы. А ён, згадзіўшыся папрацаваць над тэмай, падышоў да настаўніцы: «А можна напісаць сачыненне вершам?» — «Ну, вядома», — здзіўлена адказала тая.
Калі здаў сачыненне, настаўніца папрасіла дапрацаваць толькі канцоўку —некалькі радкоў. Без напругі, адразу, як быццам толькі гэтага і чакаў, Міхась Скобла дапісаў двухрадкоўе і паставіў кропку.
Тое вершаванае сачыненне было заўважана раённай камісіяй і прапанавана да друку ў мясцовай газеце. Так што да моманту заканчэння Угрынскай васьмігодкі ў Міхася ўжо быў некаторы паэтычны досвед. Настаўнікі раілі яму абавязкова звярнуцца ў Дзярэчынскай дзесяцігодцы да Пятра Марціноўскага.
Пятру Мікалаевічу Міхась і паказаў сшытак з першымі вершамі, калі ў канцы лета адносіў дакументы ў дзесяцігодку. Знаўца літаратуры, філолаг, кіраўнік літаратурнага аб’яднання пры раённай газеце «Праца», Марціноўскі адразу ўбачыў паэтычныя здольнасці падлетка.
Убачыў — і пачаў карпатліва працаваць з хлопцам, тлумачыць азы вершаскладання, знаёміць з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры. У Марціноўскага была вялікая бібліятэка, ён запрашаў хлопца да сябе, каб выбраць неабходнае для сістэмнай вучобы. З таго вечара Міхась Скобла ўсё часцей гаварыў маці: «Я пайшоў да Марціноўскага». І Леакадзія Уладзіміраўна была спакойная за сына.
У асобе Пятра Марціноўскага Міхась сустрэў сапраўднага педагога. І да сустрэчы з Марціноўскім хлопец намацваў тэмы для сваёй творчасці, а калі з’явіўся той, хто недакучліва накіроўваў яго пошукі, стаў смялей эксперыментаваць у параўнаннях, метафарах, асацыяцыях, форме вершаў. Марціноўскі падтрымліваў, падказваў, папраўляў і… друкаваў.
«Зоры над Зяльвянкай»
Шмат зрабіла для паэта і Ірына Васілеўка. Працавала яна ў раённай газеце намеснікам галоўнага, а потым і галоўным рэдактарам. Менавіта з ёю заўсёды раіўся Марціноўскі, калі прывозіў чарговыя творы свайго любімца.
Хлопца кранала ўсё, што адбывалася ў свеце і вакол яго. Рана зацікавіўся ён мястэчкам Дзярэчын, пра якое ў 1999 годзе выдасць кнігу «Дзярэчынскі дыярыюш». У «Дыярыюшы» Скобла піша: «Памятаю, яшчэ доўга стаяла ў вачах танкастанная бярозка, што адчайна ўчапілася ў касцельны мур на дзесяціметровай вышыні». Хлопец піша верш «Стары касцёл у Дзярэчыне»:
Здавалася б: мур, і высокі,
Зямлі ані грама, ды не! —
Знайшліся жыццёвыя сокі
Для дрэўца на голай сцяне!..
Марціноўскаму верш спадабаўся. Ён убачыў у ім майстра асацыяцый, трапных метафар, глыбіннае пранікненне ў мінулае. Але рэдактар-атэіст не прыслухаўся да голасу Марціноўскага і Васілеўкі: верш надрукаваны не быў. Пётр Мікалаевіч як мог згладжваў першае сутыкненне маладога аўтара з цэнзурай, але і надалей выказваць адкрыта свае думкі не перашкаджаў. І юнак працягваў пошукі свайго шляху, ствараючы запамінальныя вобразы бацькоў, аднавяскоўцаў, герояў мінулай вайны.
У канцы 1983 года Марціноўскі на старонках выдання «Зоры над Зяльвянкай» пазнаёміў чытачоў з біяграфіяй Міхася Скоблы, адзначыўшы лепшыя творы і пажадаўшы «творчага натхнення і імклівага палёту ў краіну паэзіі». А вясной 1984-га, калі хлопец ужо рыхтаваўся да здачы экзаменаў за сярэднюю школу, вывеў свайго вучня «ў людзі». Спачатку Міхась у складзе добра знаёмых зэльвенцам паэтаў — Дануты Бічэль, Валянціны Ададуравай, Ірыны Данік — выступаў перад навучэнцамі санаторна-лясной школы, а потым знаёміў са сваімі творамі вучняў усяго раёна са сцэны Дома культуры. Экзамен на публічнасць Міхась вытрымаў: ён і яго вершы запомніліся і палюбіліся, яго імя пачалі шукаць на літаратурнай старонцы.
Старэйшыя землякі-паэты шукалі больш шырокую арэну для таленавітага хлопца. Яго вершы сталі знаёмы чытачам «Гродненской правды» і «ЛіМа». Прэзентуючы падборку вершаў Міхася ў «ЛіМе», Юрка Голуб пісаў: «У Міхася Скоблы, выпускніка Дзярэчынскай СШ Зэльвенскага раёна, як кажуць, усё яшчэ наперадзе. Але гэты юнак ужо навучыўся захапляцца жыццём, умее думаць па-даросламу сур’ёзна. Сведкі таму — яго вершы, дзе ёсць зерне, якое прарастае ў паэзію. Не будзем заглядваць наперад, бо далейшы лёс пачаткоўца залежыць ад яго самога. Хачу, каб гэты паэтычны лёс земляка склаўся трывала і шчасліва».
У тым жа 1984 годзе Міхась стаў студэнтам БДУ. Не бацькі, а Марціноўскі адвёз хлопца з дакументамі ў самую прэстыжную ВНУ краіны. Ён верыў, што хлопец не падвядзе: і паступіць, і студэнтам будзе добрым, і з паэзіяй не развітаецца. Так яно і здарылася. Праўда, гады студэнцтва зацягнуліся, бо праз год вучобы студэнт стаў салдатам і спраўна служыў у Літве і Заходняй Украіне, не раз міжволі адчуваючы сябе «акупантам» сярод тых, хто прачынаўся да волі…
У першы год вучобы вельмі сумаваў па блізкіх, часта прыязджаў дадому. Каб не быць цяжарам для бацькоў, кожнае лета (і да арміі, і пасля яе) зарабляў сабе на жыццё у будатрадах. Па-ранейшаму не парываў сувязяў з Марціноўскім, дасылаў яму свае новыя творы. Пётр Мікалаевіч знаёміў зяльвян з усім, што адбывалася ў жыцці юнака. 1 студзеня 1985 года «Праца» змясціла паведамленне ад Марціноўскага, што ў літаратурным аб’яднанні «Узлёт» (БДУ) — юбілей, і да 20-годдзя выйдзе шостая кніжка «Вусны», дзе будуць вершы М. Скоблы і С. Чыгрына, студэнтаў БДУ. А праз два месяцы Пётр Мікалаевіч радуецца, што Міхась «спрабуе свае сілы ў жанры пародыі» і змяшчае ў «Зорах…» пародыі на вершы Уладзіміра Мазго «Няма ліха без дабра» і Юркі Голуба «Вясковая ідылія».
Пасля паэт стаў актыўным удзельнікам адраджэнскага руху, яго творчасць стала яркай, палемічнай. І гэта ўжо другі перыяд у творчым лёсе Міхася Скоблы. І пра яго сваё слова павінны сказаць не дылетанты, а прафесійныя даследчыкі.