«Шуша». Эстонцы знялі фільм пра Станіслава Шушкевіча
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч стаў героем дакументальнага фільма эстонскіх журналістаў Айвара Валдрэ і Лаўры Ліпмаа.
Як адзначаецца ў рэцэнзіі да фільма «Шуша», гэта карціна, якая распавядае пра паўсядзённае жыццё Станіслава Шушкевіча.
«Фільм пра тое, як жыве і пра што думае чалавек, які чвэрць стагоддзя таму ініцыяваў падпісанне Белавескіх пагадненняў, якія скасавалі СССР. Шушкевіч, які час ад часу грае для сябе і сяброў раннія песні Высоцкага, з'яўляецца адным з найвялікшых людзей сучаснай гісторыі, чыя ініцыятыва выклікала „эфэкт даміно“ і прывяла да наймацнейшага геапалітычнага зруху ў Еўропе. Аднак сам Шушкевіч лічыць самым галоўным ня тое, што ён адправіў „шостую частку сушы“ да продкаў, а тое, што ён зрабіў незалежную Беларусь бяз'ядзернай дзяржавай», — адзначаецца на сайце эстонскага кінафэстывалю.
Як расказаў Свабодзе Станіслаў Шушкевіч, ён і сам не чакаў, што прыме ўдзел у здымках фільма:
«У мяне ж дома бывае вельмі шмат карэспандэнтаў. Пэўных журналістаў не пускаю — прапагандыстаў я адразу выганяю. А гэта былі журналісты ад маіх добрых знаёмых у Таліне, мы з імі паладзілі.
Я нават ня вельмі добра ўсведамляў, што гэта фільм здымаецца — думаў, гэта проста як інтэрвію, нейкая размова. Мне прычапілі радыёмікрафон. Я паказаў ім лецішча, рабіў усялякія глупствы, а яны здымалі. Праз нейкі час тэлефануюць: мы зрабілі фільм, вы ня будзеце супраць, калі мы яго назавем „Шуша“? Вы казалі, што ў вас у дзяцінстве была такая мянушка. Я кажу: калі ласка, я нічога супраць ня маю. Мне вельмі спадабалася гэтае знаёмства ў чалавечым сэнсе».
Шушкевіч пабачыў фільм у канцы мінулага году на кінафэстывалі ў Таліне «Цёмныя ночы».
«Публікай фільм быў вельмі добра ўспрыняты. Мая жонка потым доўга на мяне сварылася за гэты фільм — кажа, што зрабілі нейкі прыватны фільм. Але я нічога супраць ня маю — гэта добрыя журналісты, добрыя дакумэнталісты. Яны вельмі прыстойныя і сумленныя людзі, мне яны спадабаліся».
Экс-старшыня Вярхоўнага Савету кажа, што асабліва новага ён у гэтым фільме не распавядае пра сябе.
«Я баюся, што нічога там не расказваю: я проста паказаў сваё лецішча, кабінэт, кампутар... Яны наогул ня столькі пыталі ў мяне, колькі здымалі», — кажа Шушкевіч.
Паводле svaboda.org