Хто замовіў згвалтаванне Рагнеды?
Значнай падзеяй у культурным жыцці Расіі стаў фільм «Вікінг», які распавядае пра гісторыю старажытнага кіеўскага князя Уладзіміра. Пра фільм кажуць у тым ліку дзякуючы шэрагу скандалаў.
Частка публікі незадаволеная тым, што стужка, на якую выдаткаваны больш за мільярд рублёў, апынулася вельмі слабой з мастацкага пункту гледжання і не вельмі адпавядае гістарычным фактам.
Аднак усіх іншых крытыкаў «Вікінга» яўна пераплюнулі варонежскія журналісты. На мясцовым сайце «Четыре пера» з’явіўся тэкст, паводле аўтара якога фільм «Вікінг» замовілі… праціўнікі расійска-беларускай інтэграцыі!
Справа ў тым, што ў карціне прысутнічае сцэна згвалтавання Уладзімірам полацкай княжны Рагнеды. Між тым, гэты момант можна было б і апусціць, паколькі ў летапісца Нестара пра той эпізод не гаворыцца.
Гвалт з Рагнеды сапраўды згадваецца ў іншых летапісах, аднак менавіта творы Нестара пазначаныя ў цітрах як база для сюжэту карціны.
Нашто спатрэбілася тая брудная сцэна, задаюць пытанне на сайце «Четыре пера» — і прапануюць адказ: каб справакаваць беларусаў, якія лічаць Полацкая княства падмуркам сваёй дзяржаўнасці, на антырасійскія настроі, і такім чынам разбурыць славянскае братэрства.
Паводле расійскай прэсы