Айцішнік ці калгаснік? Хто самы дысцыплінаваны працоўны ў Беларусі

У Мінску па-ранейшаму расце патрэба ў кадрах. На пачатак жніўня наймальнікі мелі патрэбу ў 33 тысячах работнікаў. За ліпень вырас дэфіцыт у тым ліку медыкаў, інжынераў і выхавальнікаў. Але працадаўцы не збіраюцца мірыцца з лайдакамі. У 2022 годзе кожны дваццаты быў звольнены за парушэнне працоўнай дысцыпліны і прагулы.

_horad___ljudzi___rybak___czalavek__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Тэма звальненняў сярод праблем беларускага рынку працы апошнім часам з'яўляецца адной з найбольш вострых. На слыху з 2020 года шматлікія гісторыі аб скасаванні кантрактаў па спісах палітычна нелаяльных або пасля «сутак». Такія звальненні ўсё яшчэ адбываюцца, нават нягледзячы на цяжкае становішча на рынку працы, калі працоўных рук, часцяком кваліфікаваных, востра не хапае.

Між тым, прычын для разрыву працоўных адносін дзеючае заканадаўства дае нямала. Аднак адкрытая статыстыка вылучае, акрамя агульных лічбаў, толькі звальнення па прычыне парушэння працоўнай дысцыпліны і пры ліквідацыя працоўнага месца як такога, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

З актуальных звестак Белстата вынікае, што з прычыны прагулу і іншых парушэнняў працоўнай дысцыпліны толькі за мінулы год было звольнена больш за 37 тысяч чалавек. Шмат гэта ці мала? Калі суаднесці з агульнай колькасцю звальненняў за год, то выходзіць, што прагульшчыкаў набярэцца каля 5%. Прычым гэтая лічба адносная стабільная.

За мінулыя пяць гадоў штогод за парушэнні працоўнай дысцыпліны пазбаўляліся працы 36-38 тысяч занятых на беларускім рынку працы. Больш за ўсё па рэгіёнах такіх звальненняў у Мінскай вобласці, менш за ўсё ў Брэсцкай. Прычым такія паказчыкі з'яўляюцца досыць устойлівымі: з 2018 па 2022 год на Мінскую вобласць прыпадала 18-20% агульнай колькасці звольненых за прагулы і парушэнні працоўнай дысцыпліны, у той час як на долю Брэсцкай вобласці такіх стабільна прыпадала ад 11 да 12%.

Аднак мы ўбачым іншую карціну, калі звернем увагу на адносіны звольненых за парушэнні працоўнай дысцыпліны да агульнай колькасці звальненняў у тым ці іншым рэгіёне. У гэтым выпадку апынецца, што самым дысцыплінаваным рынкам працы будзе сталіца. Тут толькі 3,4% ад агульнай колькасці звальненняў у 2022 годзе прыйшлося на пазбаўленне працы за прагул. Па іншых рэгіёнах аналагічны паказчык вар'іруецца ад 4,3% у Брэсцкай вобласці да 6,3% у Віцебскай.

Прыкметнае адрозненне сталіцы ад іншых рэгіёнаў можна лёгка растлумачыць. Мы супастаўляем горад, хай і роўны па насельніцтву цэламу рэгіёну, з абласцямі, якія ўключаюць як гарадское, так і сельскае насельніцтва. Эканоміка сталіцы мае значна іншую структуру па відах прадстаўленых у ёй галін, чым іншыя рэгіёны.

Што агульнага паміж нафтавіком і аграрыем?

Звальненні па прычыне прагулаў і іншых парушэнняў працоўнай дысцыпліны не з'яўляюцца аднолькавай практыкай для ўсіх сфер эканомікі. Калі разлічыць долю звальненняў па такіх падставах сярод усяго аб'ёму звальненняў, можна ўбачыць вельмі разнастайную карціну па асобных галінах.

Так, найбольшая доля звальненняў за парушэнне працоўнай дысцыпліны характэрная для занятых у вытворчасці коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі, і, акрамя таго, у сельскай гаспадарцы. У першым выпадку кожнае восьмае звальненне адбываецца па такіх падставах. У сельскай гаспадарцы кожнае дзясятае звальненне адбываецца з-за прагулаў і іншых парушэнняў працоўнай дысцыпліны.

З іншага боку, за прагулы не схільныя звальняць айцішнікаў, спартсменаў і настаўнікаў. Доля такой прычыны скасавання кантракту там ніжэй за 1%. Айцішнік, спартсмен або настаўнік, які злосна ігнаруе працу, мяркуючы па ўсім — рэдкая з'ява.

Люты — не час для прагулаў. Іншая справа жнівень…

У той час як агульная колькасць звольненых за прагулы з года ў год з'яўляецца своеасаблівай канстантай, на працягу года відавочна бачная сезоннасць. Так, менш за ўсё звальненняў за парушэнні працоўнай дысцыпліны традыцыйна назіраецца ў лютым — 2,0 — 2,6 тысячы чалавек у месяц. У жніўні такіх значна больш: 3,2 — 3,6 тысячы чалавек. У цэлым летнія месяцы не ў лепшы бок змяняюць працоўную дысцыпліну.

Ліпень 2023 — прагульшчыкам бой?

Цяпер ужо даступныя звесткі за першае паўгоддзе 2023 года. У іх можна ўбачыць характэрны факт: адбылася рэкордная колькасць звальненняў у чэрвені за прагул і іншыя парушэнні працоўнай дысцыпліны. У бягучым годзе такіх налічваецца 3551 выпадак, тады як раней назіралася ад 3,0 да 3,2 тысяч. Пры гэтым перыяд са студзеня па травень для бягучага года не вылучаўся на фоне статыстыкі мінулых гадоў.

У сувязі з гэтым цікава будзе даведацца даныя за жнівень 2023 года — ці зможа перасягнуць 2023 год папярэднія гады або акажацца, што ўзрослыя прагулы чэрвеня былі разавым з'явай рынку працы?