Аналітык лічыць, што рыхтуецца рэйдарскі захоп БМЗ: «Хутка мы даведаемся, хто менавіта стане яго ўласнікам»
Эксперт — пра тое, чаму на мяжы фолу аказаўся адзін з найбуйнейшых заводаў.
Паводле
справаздачы аб выніках працы за мінулы год, чысты прыбытак БМЗ у 2020 годзе склаў
36 тысяч рублёў.
— Як эканаміст я разумею, што 36 тысяч для прадпрыемства, якое мае сталы попыт на сваю прадукцыю, — гэта не прыбытак, а сведчанне некампетэнтнага кіравання гэтым прадпрыемствам, — заявіла на Примусе экспертка аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Вікторыя Васілевіч. — Прычым некампетэнтнага ва ўсім — у фарміраванні сабекошту, у кіраванні гэтым сабекоштам, у выбудоўванні камерцыйных каналаў рэалізацыі прадукцыі, у лагістыцы і ва ўсім астатнім.
Аналітык разглядае некалькі прычын, якія прывялі адно з ключавых прадпрыемстваў цяжкай прамысловасці да такіх паказчыкаў, і не выключае варыянт рэйдарскага захопу.
— Прадпрыемства, якое можа прыносіць «залаты дождж» у краіну, у якога на гады наперад распісаны пастаўкі гатовай прадукцыі, пры правільным фарміраванні коштаў, пры правільнай пабудове ўзаемадзеянняў са сваімі бенефіцыярамі, пастаўшчыкамі або атрымальнікамі, будзе існаваць абсалютна ўпэўнена і стойка.
Іншая справа, якая задача ўскладзеная на гэтае прадпрыемства. Чарговыя бюджэтныя траншы ў пагашэнне нейкіх крэдытных плацяжоў або іншых даўгоў наводзяць на думку пра тое, што ёсць зацікаўленыя ў гэтых траншах пэўныя фізічныя асобы або кампаніі, якія атрымліваюць бонусы ад таго, што бюджэт траціцца на падтрыманне нібыта стратных прадпрыемстваў, такіх, як БМЗ.
І другое. БМЗ як сапраўды выдатнае прадпрыемства з велізарнай матэрыяльна-тэхнічнай базай уяўляе цікавасць для замежных прадпрыемстваў. Я думаю, што тут вельмі моцна пахне рэйдарскім захопам гэтага прадпрыемства ў прамым сэнсе. І хутка мы даведаемся, хто менавіта стане ўласнікам металургічнага завода, які «наносіць шкоду» бюджэту РБ, — мяркуе эксперт.
Паводле gazetaby.cot.lt
Пераклад НЧ