Шумчанка: Праблемы сертыфікацыі не вырашаныя, праз паўгода зноў пачнуцца праверкі
Супрацьстаянне індывідуальных прадпрымальнікаў і ўладаў не прынесла выгады нікому. Большасць праблемаў малога бізнесу гэтак і застаюцца неразвязаныя.
Старшыня грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка паразмаўляў з «Белсатам» пра падрыхтоўку да правядзення рэгіянальных форумаў і цяперашнія праблемы прадпрымальнікаў.
— Вы казалі, што толькі «Перспектыва» дамаглася зменаў. Што гэта за змены?
— Зімовыя акцыі пратэсту — гэта вынік працы «Перспектывы», форумаў прадпрымальнікаў, калі мы кансалідаваліся. Мы дамагліся таго, што ёсць пастанаўленне Вярхоўнага суду па пытанням працы індывідуальных прадпрымальнікаў з накладнымі з РФ. У гэтай пастанове прапісана, што калі фірма, якая ўказана ў накладной, зарэгістравана ў федэральным рэестры РФ, то пытанняў да беларускага прадпрымальніка ў нашых кантралюючых органаў не павінна быць.
На практыцы гэта азначае, што да пастановы прыходзіла падатковая і магла забраць увесь тавар. Яны бралі накладныя і гаварылі, што гэтыя накладныя вызываюць у нас пытанні. Пасля гэтага прадпрымальнік мусіў быў хадзіць і даказваць, што ён не злачынца. Гэтую ненармальную перспектыву «Перспектыва» змяніла. Сёння правяранні ёсць, але ўсе накладныя расейскага паходжання прымаюцца і праблемаў працы па іх мы не бачым.
— Якія найбольш актуальныя праблемы застаюцца дагэтуль і якія наспяваюць новыя?
— Галоўная нявырашаная праблема — праблема сертыфікацыі. Зімой дзяржаўны стандарт заявіў, што яны праверак па сертыфікацыі не будуць ладзіць цягам паўгода. У чэрвені сканчаецца гэты тэрмін. Што будзе пасля, ніхто не ведае. Калі разумець літаральна, то праз паўгода пачнуцца правяранні. А гэта канфіскацыя і буйныя штрафы.
Другое, няма гандлю. Людзі нясуць страты.
— Ці маеце захады на выпадак, калі ўлады паспрабуюць сарваць вашыя бліжэйшыя форумы?
— Рэгіянальныя форумы адбудуцца ў кожным выпадку з удзелам актывістаў-прадпрымальнікаў. Мэта форумаў паказаць, што мы актыўныя і працягваем барацьбу.