Барыс Жаліба: Курс долара дасягне 17–20 тысяч рублёў
Падзенне рубля працягнецца ўжо ў бліжэйшыя дні.
«Салідарнасць» звярнулася да доктара эканамічных навук, прафесара Барыса Жалібы з пытаннямі, якім на ягоную думку з'яўляецца рэальны курс долара, як доўга ўлады будуць
утрымліваць існы курс і калі чакаць раўнаважнага курсу валют у абменніках.
— Мы пакуль што не выйшлі на раўнаважны курс. Гэта была лакальная, невялікая рэвальвацыя рубля. Гэта часовая з'ява. Я думаю, што генеральны трэнд будзе арыентаваны на
далейшую дэвальвацыю, — выказаў меркаванне ён.
Калі ж курс дасягне дна? Эканаміст падкрэслівае, што ў дадзеным выпадку трэба ўлічваць мноства фактараў.
— Краіны ЕС і ЗША пацвердзілі, што санкцыі ў дачыненні да Расіі застаюцца ў сіле. Цэны на нафту падаюць. Вось вам два фактары, якія будуць ціснуць на расійскую эканоміку,
— сказаў ён.
На думку эксперта, расійскі рынак можа скараціцца, і аб'ём беларускага экспарту ў Расію можа зменшыцца ў параўнанні з мінулым годам.
— Гэтая група фактараў сведчыць, што нашая валюта, як і расійскі рубель, будзе абясцэньвацца далей, — кажа Барыс Жаліба. — А ёсць яшчэ і
ўнутраныя фактары, яны таксама не аптымістычныя. Хіба ў нас зменшыліся складскія запасы гатовай прадукцыі? Павысілася эфектыўнасць вытворчасці, канкурэнтаздольнасць прадукцыі?
Эканаміст лічыць, што сённяшні курс долара не з'яўляецца рынкавым.
— Раўнаважны курс будзе ніяк не 15 000 рублёў за долар. Магчыма, 17–18 тысяч, а можа нават і 20 тысяч дасягне, — сказаў ён.
На думку эканаміста, падзенне рубля можа працягнуцца ўжо ў бліжэйшыя дні.
gazetaby.com