Гадавая інфляцыя ў Беларусі — амаль 16%
Гадавая інфляцыя ў сакавіку ў Беларусі склала 15,9%, паведамляе Белстат. Нагадаем, за апошнія паўтара месяца ў Беларусі прыкметна падаражэлі многія тавары, у тым ліку яблыкі, пральныя парашкі, айчынная бытавая тэхніка, медпаслугі.

Пры гэтым месячная інфляцыя ў сакавіку склала 6,1%. Нехарчовыя тавары за сакавік падаражэлі на 10,8%, прадукты — на 4,2%, а платныя паслугі — на 3,3%.
У сакавіку раней рост коштаў звязвалі ў тым ліку з падаражэннем сыравіны для вытворчасці тавараў і лагістыкі.
У красавіку гадавая інфляцыя можа разагнацца яшчэ больш. У гэтым месяцы, да прыкладу, паднялі кошт праезду ў гарадскім грамадскім транспарце.
Чыноўнікі раней прагназавалі, што па выніках гэтага года інфляцыя не перавысіць 6% (снежань да снежня).
Нагадаем, у 2021 гадавая інфляцыя была на ўзроўні 10%. Гэта самы імклівы рост цэн за апошнія 5 гадоў. Інфляцыя магла яшчэ больш разагнацца, калі б улады да канца года ў ручным рэжыме не «падкручвалі» кошты.
Пры гэтым урад планаваў, што ў 2021 гадавы прырост коштаў не перавысіць 5%, але пазней перагледзелі свой прагноз да 9%.