Падкруцілі: інфляцыя за 2021 год склала 9,97%
Інфляцыя ў Беларусі за снежань 2021 года склала 0,9%. А за ўвесь мінулы год — 9,97%.
Гэта самы вялікі паказчык з 2016 года, піша Еўрарадыё са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт.
Найбольш за год выраслі цэны на харчовыя тавары — 11,4% (за снежань — 1,3%). Нехарчовыя тавары за год падаражэлі на 9,9% (0,3% за снежань), паслугі — 7,6% (0,9% за снежань). Пры гэтым сацыяльна значныя тавары, на якія дзяржава стрымлівае кошты, за 2021 год дадалі ў кошце на 9,1%.
Чыноўнікі планавалі да канца мінулага года падняць цэны і тарыфы на некаторыя тавары і паслугі. Сярод іх —праезд у грамадскім транспарце. Чакалася, што праезд у гарадскім грамадскім транспарце павінен падаражэць на 6,8%, або 5 капеек за адну паездку (гаворка пра падаражэнне аднаго талона). Аднак гэтае рашэнне адклалі, каб не псаваць паказчыкі.
Таксама планавалі падняць тарыфы на пасажырскія перавозкі прыгарадным аўтамабільным транспартам — на 11,1%, або на 1 капейку за адзін кіламетр. Аднак у выніку павышэнне тарыфаў перанеслі на гэты год.
Таксама на просьбу ўладаў «Белтэлекам» перанёс рост тарыфаў на паслугі з лістапада мінулага года на 1 студзеня гэтага.
Калі б улады здзейснілі ўсё запланаванае, інфляцыя перасягнула бы двухзначную лічбу. Таму можна сказаць, што яе «падкруцілі» дзеля добрага, але ўсё роўна самага вялікага за пяць гадоў, паказчыку.