«Белтэлекам» перанёс павышэнне тарыфаў на 1 студзеня

«Белтэлекам» яшчэ раз перанёс павышэнне тарыфаў на доступ у Інтэрнэт. Цяпер яны павінны быць павялічаныя з 1 студзеня 2022 года.

18255.jpg


«Інфармуем, што па ўзгадненні з рэгулятарам павышэнне тарыфаў на паслугі доступу ў сеціва Інтэрнэт, які прадастаўляецца РУП "Белтэлекам" па-за пакетнымі лінейкамі "Ясна", "Сямейны", "Бізнес-кейс", пераносіцца на 1 студзеня 2022 года», — цытуе паведамленне кампаніі REFORM.by.

Нагадаем, першапачаткова «Белтэлекам» збіраўся падняць тарыфы з 1 кастрычніка ў сярэднім на 4%. Але пазней кампанія «па ўзгадненні з рэгулятарам» перанесла павышэнне на 1 лістапада. Падобнае рашэнне прынялі кампаніі А1 і МТС, якія спачатку абвясцілі пра павышэнне некаторых тарыфаў з 1 кастрычніка, а потым заявілі пра перанос гэтых планаў на 1 лістапада.

На думку эканамістаў, такім чынам «стрымліваецца» інфляцыя за пэўны справаздачны перыяд часу. Напрыклад, павышэнне цэн «Белтэлекама» ў студзені азначае, што яно будзе залічана ў інфляцыю за наступны год.