Інфацэнтр АЭС: Тэрміны аднаўлення выпрацоўкі электраэнергіі пакуль назваць немагчыма
Выпрацоўка электраэнергіі на беларускай атамнай станцыі часова прыпыненая.
«Выпрацоўкі электраэнергіі на БелАЭС на дадзены момант няма. Напярэдадні Мінэнерга паведаміла, што (для аднаўлення выпрацоўкі электраэнергіі) патрабуецца замена пэўнага абсталявання», — сказаў «Інтэрфаксу» прадстаўнік інфармацыйнага цэнтра БелАЭС.
У інфацэнтры не змаглі назваць меркаваныя тэрміны аднаўлення выпрацоўкі электраэнергіі на БелАЭС. «Цяпер ідзе наладка абсталявання, працягваюцца пуска-наладачныя працы, тэрміны аднаўлення выпрацоўкі электраэнергіі пакуль назваць не магу», — дадаў прадстаўнік інфацэнтра.
Як паведамлялася, у панядзелак увечары Міністэрства энэргетыкі Беларусі праінфармавала, што на БелАЭС «выяўленая неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання», але прычыны гэтага кроку не ўказваліся, гэтак жа як наяўнасць або адсутнасць выпрацоўкі электраэнэргіі.
Між тым, беларускія СМІ паведамілі, што ў нядзелю днём турбіна першага энергаблока БелАЭС была спыненая з-за выхаду з ладу трансфарматараў напружання на адным з агрэгатаў. У паведамленні гаварылася, што аналагічнае здарэнне было на Ленінградскай АЭС і небяспекі не ўяўляе, аднак ліквідацыя наступстваў інцыдэнту зойме шмат часу, на працягу якога электраэнергія выпрацоўвацца не будзе.
Як паведамлялася, у мінулую суботу першы энергаблок БелАЭС выйшаў на магутнасць 400 МВт. «Цырымонія па павышэнню магутнасці энергаблока прайшла з удзелам кіраўніка дзяржавы», — паведаміла 7 лістапада Мінэнерга.
Лукашэнка ў суботу назваў запуск АЭС гістарычнай падзеяй у жыцці рэспублікі: «Усё так будзённа, як быццам метро пабудавалі. Гістарычны момант — краіна становіцца ядзернай дзяржавай».
Першы энергаблок БелАЭС быў уключаны ў аб'яднаную энергасістэму краіны 3 лістапада. За трое сутак з моманту ўключэння ў аб’яднаную энергасістэму з БелАЭС адпушчана больш за 22 млн. кВтч электраэнергіі. У адпаведнасці з праграмамі выпрабаванняў, магутнасць энергаблока планавалася паэтапна павышацца да праектнай-1190 МВт. Увод у прамысловую эксплуатацыю першага энергаблока плануецца ў першым квартале 2021 года.
У Мінэнерга падкрэслівалі, што энергетычнаму пуску БелАЭС папярэднічаў вялікі аб'ём работ - па праверцы гатоўнасці тэхналагічных сістэм і абсталявання да этапаў асваення цеплавой і электрычнай магутнасці, правядзенні неабходных выпрабаванняў, падрыхтоўцы персаналу.