Куды знікае золата-валюта?
Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў верасні схуднелі на 66 мільёнаў долараў.
Паводле звестак Нацбанка, міжнародныя рэзервовыя актывы
Беларусі на 1 кастрычніка 2023 года склалі $7,93 млрд. гэта на $66,2 млн (або на
0,8%) ніжэй за паказчык папярэдняга месяца. З улікам таго, што з ліпеня
рэгулятар стаў зноў публікаваць дадзеныя аб структуры рэзерваў, мы можам
убачыць, за кошт якіх складнікаў адбыліся змены.
«Нашы грошы» паглядзелі, што адбываецца.
Па-першае, з улікам кан'юнктуры валютнага рынку, якая склалася, у жніўні Нацбанк меў магчымасць абмежавана купляць валюту і папаўняць рэзервы. Што ён і зрабіў, павялічыўшы валютны складнік на $67,8 млн.
Па-другое, пералік у валюту цэны золата ў рэзервах Нацбанка адмоўна паўплываў на змяненне ЗВР у верасні на фоне адчувальнага зніжэння сусветных коштаў на гэты каштоўны метал. Нацбанк традыцыйна трымае значную долю рэзерваў у золаце, таму пералік цаны золата ў валюту ў верасні даў зніжэнне ў $123,4 млн.
Акрамя таго, пералік у даляры спецыяльных правоў запазычання (рэзервовая валюта Міжнароднага валютнага фонду) у структуры ЗВР прывёў да іх зніжэння на $10,6 млн.
Тэхнічна, трэба было б улічваць уплыў на ЗВР велічыні выплат па знешніх даўгах. Аднак з улікам таго, што Беларусь цяпер аддае знешнія валютныя даўгі ў беларускіх рублях на рахунак у беларускім падсанкцыйным банку, вастрыня гэтага фактару цяпер адчувальна ніжэйшая, чым у ранейшыя гады.
На 2024 год ЗВР, згодна з планамі, павінны скласці не менш за $6 млрд, такім чынам, пэўнае зніжэнне рэзерваў Нацбанк лічыць для сябе магчымым і, верагодна, адносна бязбольным. Але калі ўлічыць, што найбольш ліквідная частка рэзерваў (валюта) складае толькі 42% ад іх агульнага аб'ёму, значныя скарачэння ў гэтай частцы ЗВР могуць апынуцца небяспечнымі.