Леанід Заіка: Трэба, каб чыноўнікі ездзілі на электрароварах

Эканаміст Леанід Заіка пракаментаваў ініцыятыву кіраўніка краіны перасадзіць беларускіх чыноўнікаў на беларуска-кітайскія аўтамабілі «Джылі».

 Леанід Заіка. Фота belsat.eu

 Леанід Заіка. Фота belsat.eu


Беларускія чыноўнікі — ад кіраўнікоў раённага ўзроўню да міністраў — надалей пры набыцці службовых аўтамабіляў павінны арыентавацца выключна на прадукцыю айчыннага аўтапраму. Такое даручэнне даў учора Аляксандр Лукашэнка, аглядаючы выставу найноўшых узораў тэхнікі, што вырабляецца на беларускіх прадпрыемствах машынабудавання.
«Ніякага імпарту для чыноўнікаў, акрамя прэм’ера, віцэ-прэм’ераў і вышэйшых службовых асобаў», — дадаў Лукашэнка.
Леанід Заіка адзначыў:
— Цудоўная ідэя, даўно трэба было гэта зрабіць! Праўда, падарылі ж чыноўнікам перад выбарамі 200 «Мерседэсаў», хоць і не ведаю, на чые грошы іх купілі. А цяпер няхай ездзяць на кітайскіх аўтамабілях. Дарэчы, у Расіі таксама рабіліся спробы перасадзіць чыноўнікаў на айчынныя «Лады», таму тут мы не першапраходцы. Іншая справа, што нязручнасці для людзей будуць. Чыноўнікаў і цяпер нельга адзін ад аднаго адрозніць, а калі ўсе будуць яшчэ і ў аднолькавых машынах… Іх хутка жонкі будуць блытаць. Так што няхай чыноўнікі ездзяць на «Джылі», а людзі будуць катацца на «Мерседэсах» і «Паршэ».
— Гэта піяр-акцыя ці нейкі эканамічны разлік?
— Не думаю, што тут нейкі піяр, проста Лукашэнка бачыць, што адбываецца ў краіне і, як жывуць яго чыноўнікі. Тых, хто жыве ў Драздах, я ўвогуле называю «драздафіламі». У іх шыкоўныя машыны, дамы за мільёны долараў. Гэта яны ў першую чаргу думаюць пра людзей. Дык вось Аляксандр Рыгоравіч, мабыць, вырашыў, каб па Драздах ездзілі кітайскія аўта.
Праўда, тут трэба улічыць момант — чыноўніка нельга знішчыць, як клас. Паездзіць ён і на «Джылі», хоць асабіста я прымусіў бы, каб усе чыноўнікі купілі і асабіста сабе па кітайскаму аўтамабілю.
А яшчэ лепш перасадзіць іх не электраровары. Людзі б з задавальненнем папляскалі ў далоні гэтай ініцыятыве.

Кастусь Заблоцкі, www.racyja.com