Мадэрнізацыя «Белшыны» непазбежна прывядзе да зніжэння колькасці работнікаў
Мадэрнізацыя вытворчасці бабруйскага ААТ «Белшына» непазбежна прывядзе да зніжэння колькасці работнікаў. На гэтым акцэнтаваў увагу прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч падчас наведвання «Белшыны» 16 жніўня, паведамляе прэс-служба ўрада.
Прэм'ер-міністр у межах рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць азнаёміўся з рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў у ААТ «Белшына», наведаў завод масавых шын (ЗМШ) і завод звышбуйнагабарытных шын (ЗБГШ).
Бабруйскае прадпрыемства набывае сучаснае высокапрадукцыйнае абсталяванне, якое дазваляе выпускаць шыны самай высокай якасці. Мэта — замацаванне пазіцый на сусветным рынку. Самы амбіцыйны праект — стварэнне вытворчасці цэльнаметалакордных (ЦМК) шын радыяльнай канструкцыі з пасадачным дыяметрам 57 і 63 цалі. Гэта будзе спрыяць пашырэнню асартыменту і павелічэнню аб'ёму вытворчасці шын для кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 220—360 тон вытворчасці ААТ «БелАЗ», а таксама некаторых замежных вытворцаў. Выдаткі па гэтым праекце складаюць каля 254,9 млн. еўра, у тым ліку на абсталяванне — 215,1 млн. еўра. Рэалізацыя праекта дазволіць выпускаць 8 тыс. 190 штук шын у год (тэрмін рэалізацыі — 2013—2017 гады ў два этапы). Усе пытанні з фінансаваннем гэтага праекта вырашаны.
Мясніковіч адзначыў высокую культуру вытворчасці ў ААТ «Белшына». Паводле слоў генеральнага дырэктара ААТ Мікалая Чыруна, «гонарам вытворчасці з'яўляецца максімальная аўтаматызацыя, якая дазваляе выключыць уплыў чалавечага фактару на працэс выпуску прадукцыі».
Пасля рэалізацыі інвестпраектаў спатрэбіцца на траціну менш работнікаў, чым цяпер.
Тым не менш, як удакладняецца ў паведамленні прэс-службы ўрада, «масавага скарачэння не чакаецца — залішняя колькасць адрэгулюецца за кошт выхаду на пенсію работнікаў».
У адпаведнасці з праграмай развіцця ААТ «Белшына» да 2020 года на рэалізацыю асноўных інвестыцыйных праектаў у 2013 годзе спатрэбіцца 292,3 млрд. рублёў. За студзень—чэрвень гэтага года асвоена інвестыцый у асноўны капітал у 217,5 млрд. рублёў. Усяго з 2010 па 2012 год «Белшынай» асвоена інвестыцый у асноўны капітал у суме больш як 674 млрд. рублёў.
У сувязі з абнаўленнем парка легкавых аўтамабіляў у рэспубліцы і ростам выкарыстання шын з пасадачным дыяметрам ад 16 да 20 цаляў у ААТ «Белшына» распрацоўваецца праект па вытворчасці шын для легкавых аўтамабіляў, а таксама для красовераў і пазадарожнікаў з пасадачным дыяметрам да 20 цаляў са зніжаным профілем самой шыны (з аб'ёмам вытворчасці 1,4 млн. штук у год).
Акрамя гэтага, на ЗМШ плануецца размясціць вытворчасць грузавых ЦМК-шын з пасадачным дыяметрам 17,5—24 цалі зусім новай мадэльнай лінейкі з аб'ёмам вытворчасці 400 тыс. штук у год. Для вытворчасці на ЗМШ будуць выкарыстаны гумавыя сумесі, вырабленыя на гумавазмяшальным абсталяванні новага пакалення тыпу «Інтэрмікс».