Леанід Заіка: Прычына падзення прамвытворчасці — Мытны саюз

Неабходна не проста распрадаваць складскія запасы, а займацца рэструктурызацыяй прадпрыемстваў.



mytny_sayuz.jpg

Пра гэта заявіў эканаміст Леанід Заіка, каментуючы падзенне прамысловай вытворчасці Мінска на 19%.
«Праблема падзення прамысловай вытворчасці адносіцца да Беларусі і Расіі. Мы стварылі вельмі дрэнныя ўмовы для ўзаемнага тавараабмену. Стварэнне Мытнага саюза было вялікім праколам. Экспарт Беларусі знізіўся на 25%, але шмат у чым упаў ён і ў Расіі. І тыя ж самыя чыноўнікі з МС сядзяць і маўчаць. Трэба было біць трывогу яшчэ ў лютым месяцы, а прадстаўнікам Беларусі і Расіі збірацца і вырашаць гэтыя пытанні непасрэдна, таму што дрэнна і ў расіянаў, і ў нас. Гэта значыць самыя дрэнныя паказчыкі па экспарце менавіта ў краін МС», — адзначыў навуковец.
Эксперт падкрэсліў, што праблема заключаецца не ў тым, каб проста распрадаць таварныя запасы.
«Гэта бачанне выхаду з сітуацыі загадчыка складам Васі Пупкіна, які скончыў машынабудаўнічы тэхнікум. А прафесійныя эканамісты будуць казаць пра тое, што праблема заключаецца ў неэфектыўнасці саміх прадпрыемстваў. Гэта паказчык крызісу прамысловасці Беларусі, і тут важна не проста распрадаць складскія запасы, а займацца рэструктурызацыяй прадпрыемстваў. Замест таго каб «дзярбаніць» дурную праблему тэхнічных рэгламентаў МС, трэба займацца тым, каб ствараць умовы для павышэння эфектыўнасці прадпрыемстваў апрацоўчай прамысловасці Расіі і Беларусі»,  — перакананы кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія».
Па словах эканаміста, у Беларусі і, у прыватнасці, у Мінску мае месца прамысловы крызіс.
«Бо ВУП і зарплата выраслі, а прадпрыемствы працаваць не могуць. Таму ў цэнтры ўвагі павінна знаходзіцца прамысловая палітыка, а ў нас абмяркоўваюць, як лавіць рыбу, колькі ў краіне «разгільдзяяў» не плацяць падаткі і іншае. Урад павінен займацца прамысловай палітыкай. І не проста «мадэрнізацыяй», якая таксама з'яўляецца прапагандысцкім лозунгам. Прамысловая палітыка ўключае ў сябе палітыку рэструктурызацыі, рабочай сілы, маркетынгу і палітыку, звязаную з фінансавай стабілізацыяй прадпрыемстваў. Таму тут ёсць прэтэнзіі да самога ўрада. Пётр Пракаповіч разумее «мадэрнізацыю» так, што трэба распрадаць складскія запасы, купіць і паставіць новыя станкі, і зноў вырабляць тое, што не будзе прадавацца. Зразумела, што гэта абсалютна неэфектыўна»,  — сказаў на заканчэнне Леанід Заіка.
Нагадаем, толькі на працягу апошняга месяца падзенне прамысловай вытворчасці Мінска склала 4,8% у параўнанні з ліпенем 2012 года, а спад за сем месяцаў склаў 19%.
charter97.org