Міністр гандлю: Завоз на ўнутраны рынак імпартных тавараў трэба скараціць да мінімуму

Завоз на ўнутраны рынак імпартных тавараў трэба скараціць да мінімуму, за выключэннем крытычнага імпарту, заявіў міністр гандлю Валянцін Чаканаў 4 мая на сустрэчы з кіраўнікамі буйных гандлёвых сетак і падсправаздачнымі ведамству арганізацыямі, паведаміла прэс-служба Мінгандлю.



stop.jpg

Чаканаў таксама зазначыў, што "на строгім кантролі" па-ранейшаму застаюцца пытанні цэнаўтварэння, пратэрмінаванай запазычанасці за тавары. Паводле яго слоў, асаблівую ўвагу неабходна надаць выкананню асартыментнага пераліку, расстаноўцы тавараў на паліцах магазінаў.

Таксама на сустрэчы Чаканаў паставіў задачу ўпраўленням гандлю і паслуг аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама ў хуткім часе вывучыць патрэбнасць у набыцці тэхнікі, што вырабляецца на ААТ "МАЗ", і перадаць гэту інфармацыю ў ведамства з мэтай садзейнічання далейшаму заключэнню кантрактаў з прадпрыемствам на яе набыццё. Міністр падкрэсліў, што "сёння важна асноўны ўпор пры закупцы аўтамабіляў зрабіць на айчыннага вытворцу, каб падтрымаць яго ў наяўнай сітуацыі і дапамагчы вызваліць склады".

Апрача таго, ён нагадаў пра падаўжэнне ў маі рэжыму працы аб'ектаў гандлю і сферы паслуг па зручным для спажыўца графіку ў адпаведнасці з жаданнем суб'ектаў гаспадарання, у тым ліку без выхадных і святочных дзён, як гэта было летась падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.
Марына Носава, БелаПАН