На расійскім ТБ прагучаў «саюзны» ультыматум Лукашэнку
Вядучая праграмы «Вынікі тыдня» на расійскім тэлеканале НТВ Ірада Зейналава 18 кастрычніка, кажучы пра бесперапынныя пратэсты ў Беларусі, жорстка скрытыкавала беларускія ўлады.
Датычна заяў Лукашэнкі аб дружбе з Расіяй яна заявіла, што для РФ «цяпер важней вынік, наколькі Лукашэнка зможа дамовіцца са сваім народам і наколькі яго запэўненням павераць самі беларусы».
Вядучая адзначыла, што Мінск атрымаў ад Масквы крэдыт на 500 млн долараў, «які адразу ж вярнуўся ў Расію ў якасці доўгу за газ».
«Ён (Лукашэнка — НЧ.) павінен зразумець, што наступны транш, які таксама сыдзе на аплату даўгоў, будзе вельмі моцна залежаць ад таго, як ён выканае свае абяцанні: і па транзіце нафтапрадуктаў праз нашы парты, і па рэферэндуму па Канстытуцыі, пасля якога павінны прайсці выбары», — сказала вядучая.
Пры гэтым яна падкрэсліла, што Расія не ўмешваецца ў справы Беларусі, але не хоча даваць грошы тым, хто не выконвае абяцанні.
Паводле Беларускі партызан