Улады збіраюць у Мінску чарговы «мега-мітынг» у падтрымку Лукашэнкі

Як паведамілі чытачы «Нашай Ніве», улады хочуць сабраць у Мінску мітынг ў падтрымку Лукашэнкі. Падобна на тое, што да раёнаў даведзены план па колькасці ўдзельнікаў, а кіраўнікі на месцах выкручваюцца, каб яго выканаць. Ехаць ніхто асабліва не рвецца, таму на некаторых прадпрыемствах за паездку нават прапануюць грошы.

118100747_328227851690964_8610110158701029270_n_logo_1.jpg


Вось што пішуць чытачы «НН».

«Бацька працуе ў Маладзечна, [назва прадпрыемства ёсць у рэдакцыі]. Сёння праходзіў сход з нагоды праўладнага мітынгу 25 кастрычніка. “Даведзеная” колькасць ад Маладзечанскага раёна-1500 чалавек. Аплата, як я зразумеў, за кошт арганізацый».

«Столінскі раён абавязаны паслаць 800 чалавек. Разнарадка».

«У Столінскім [назва прадпрыемства ёсць у рэдакцыі] старшыня прафкама абвясціў, хто жадае на выходныя паехаць на праўладны мітынг у Мінск. Але ўсе, хто прысутнічаў з рабочых, адмовіліся».

«У Магілёве таксама збіраюць работнікаў садкоў».

«Філіялы ў Магілёўскай вобласці ААТ «Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”» (дзяржаўнае прадпрыемства, падпарадкавана Магілёўхлебпраму), у тым ліку раённыя пад зусім злёгку прыкрытай пагрозай звальнення/непадаўжэння кантракту прымушаюць ехаць 25.10 у Мінск на мітынг за Лукашэнку. Кіруючы склад (дырэктары, галоўбухі, галоўныя інжынеры, начальнікі падраздзяленняў) абавязаны быць у АБАВЯЗКОВЫМ парадку».

«Сёння (20 кастрычніка) збіралі ўсіх дырэктараў школ і загадчыкаў дзіцячых садкоў Фрунзенскага раёна Мінска. Паведамілі, што 25 кастрычніка адбудзецца мітынг у падтрымку Лукашэнкі. Патрабавалі 100% яўкі ўсіх супрацоўнікаў: настаўнікаў, дворнікаў, тэхнічак і гэтак далей. Усяго загадана сабраць 10.000 чалавек з Фрунзенскага раёну».

«З Віцебска 90 чалавек з СІЗА едзе 25.10 прымусова».

«На вілейскім хлебазаводзе прапаноўваюць з’ездзіць на мерапрыемства, абяцаюць заплаціць».

«У Гродна па дашкольных установах збіраюць людзей на паездку ў Мінск 25.10».

«Ёсць інфармацыя, што ў нядзелю з Брэста на Мінск едзе 4 дадатковых цягніка з 72 вагонамі ў суме».

«На выходныя, хутчэй за ўсё 25-га, у прымусовым парадку гоняць афіцэраў МНС з Брэста. Павязуць сваім аўтобусам. Сёння складалі спісы».

«Інфармацыя ад ідэолага, Навабеліцкі раён Гомеля. Сапраўды збіраюць, як адказ ультыматуму Ціханоўскай, квота з калектыву 200 чалавек — 20 чалавек, прычым людзям прапануюць не казаць пра мітынг, а казаць, што паедуць на экскурсію і прапануюць узяць з сабой цёплыя рэчы».

«Лінгвагуманітарны каледж, Мінск. Сказалі, усе супрацоўнікі павінны быць на праўладным мітынгу».

«Маю маму (сацыяльны педагог СПЦ аднаго з раёнаў Менска) клікалі, але яны ўсім калектывам адмовіліся».

«На Зліне працую, збіраюць па 3 чалавекі з цэха, нешта каля 50 з завода, абяцаюць два адгулы, з Гомелю накшталт поўны ранішні цягнік збіраюцца адправіць на мітынг 25 кастрычніка».

«У Дзяржаўным камітэцы суднавых экспэртыз паведамілі, што будзе мітынг, і спрабавалі адправіць на яго супрацоўнікаў. Усе адмовіліся».

38_4_logo_2.jpg


Так што, магчыма, на гэтых выходных паўторыцца сітуацыя 16 жніўня, калі два бакі «мераліся мітынгамі». Тады, нагадаем, лукашэнкаўцы звезлі ў Мінск 15 тысяч чалавек (сам Лукашэнка, выступаючы на гэтым мерапрыемстве, казаў пра 50 тысяч). А на Марш Свабоды выйшла ад 200 да 300 тысяч чалавек.

Паводле «Наша Ніва»