Падробленыя долары ў Беларусі сталі знаходзіць значна часцей

Цяпер варта быць пільнымі: у Беларусі істотна вырасла колькасць выяўленых падробленых долараў — аж амаль на 90 працэнтаў! У асноўным гэта 100-доларавыя банкноты

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg

Колькасць выяўленых падробленых долараў ЗША ў Беларусі павялічылася на 87,7%. Пры гэтым колькасць выяўленых фальшывых расійскіх рублёў скарацілася, паведамляе Thinktanks.by.

Банкаўскія работнікі па выніках трох кварталаў 2022 года выявілі 705 падробленых банкнот, падробленыя манеты не сустракаліся. Асноўная колькасць выяўленых банкнот — гэта долары ЗША — 84,4%.

Доля падробленых расійскіх рублёў склала 9,9%, еўра — 4,5%, беларускіх рублёў – 1,0%, іншых валют — 0,1%, паведамляе Нацбанк Беларусі.


У параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года агульная колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў павялічылася на 19,9%. Колькасць выяўленых падробленых долараў ЗША павялічылася на 87,7%. Зменшылася на 68,5% колькасць выяўленых падробленых расійскіх рублёў, на 27,3% — еўра. Колькасць падробак беларускіх рублёў павялічылася ў абсалютным выражэнні ўсяго на 3 штукі.

66,5 працэнта ўсіх падробленых грашовых знакаў выяўлена ў Мінску, у абласцях Беларусі — у межах 3,1–9,5%. Падробленыя грашовыя знакі былі знойдзеныя ў 49 населеных пунктах.

Сярод падробленых банкнот пераважалі долары ЗША: а менавіта банкноты наміналамі 100 і 50 долараў — 77,6% і 21,0% адпаведна.