Папайя альбо зялёны гарошак?

Усё ж, калі беларусы жартуюць, яны жартуюць, як кажуць, «не па-дзіцячы». Не паспела Масква адрагатацца з нагоды «беларускіх мідый і крэветак», як наша сельская гаспадарка зноў здзівіла.



355030_1000.jpg

У Расію з Беларусі прыйшла «беларуская папайя». Рассельгаснагляд моцна засумаваў з гэтай нагоды. Аказваецца, у нас ёсць не толькі сваё мора з крэветкамі, але і свае тропікі. І расіяне паспрабавалі даведацца, дзе яны знаходзяцца.

Рассельгаснагляд запытаў ва ўладаў Беларусі звесткі аб аб'ёмах вытворчасці, экспарту і ўнутранага спажывання, а таксама інфармацыю аб вытворцах несезоннай і экзатычнай плодаагародніннай прадукцыі нібыта беларускага паходжання ў сувязі з рэгулярнымі пастаўкамі такой прадукцыі. «З мэтай абароны тэрыторыі РФ ад заносу і акліматызацыі шкодных арганізмаў з улікам рызык, звязаных з увозам падкаранціннай прадукцыі сумнеўнага паходжання Рассельгаснагляд зноў звярнуўся да міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі па гэтым пытанні», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

«Праведзены аналіз падкаранцінных тавараў, якія паступілі ў РФ з Беларусі, выявіў рэзкае павелічэнне аб'ёмаў плодаагародніннай прадукцыі беларускага паходжання за сем месяцаў бягучага года ў параўнанні з 2014 годам (па дадзеных мытнай статыстыкі). Пры гэтым пастаўкі латуку, цытрусавых, бахчавых і папаі, яблыкаў, груш, абрыкосаў, вішні, чарэшні і іншай плодаагародніннай прадукцыі беларускага паходжання ўзраслі за гэты перыяд больш чым у два разы», — адзначае ведамства. Рассельгаснагляд таксама выявіў, што прамаркіраваныя беларуская клубніцы, ажына і маліна па марфалагічных і сезонных прыкметах «маюць статус паходжання з трэціх краін».

Памаўчалі б там спадары расійскія кантралёры, бо не ведаюць, што «сезон», а што «не сезон». Увогуле, з глабальным пацяпленнем і дасягненнямі ў сартаводстве хутка так станецца, што «сезоннай» прадукцыі не будзе ўвогуле.

Вось у мяне на лецішчы і зараз ёсць маліна, хаця ўжо, лічы, сярэдзіна восені. Проста гатунак такі, называецца «рэмантантны». Між тым, першы такі гатунак маліны на тэрыторыі СССР вывеў яшчэ спадар Мічурын. Той самы, які палез на яблыню за агуркамі, а яго кавуном прыбіла.

На мінулым тыдні мы даелі свойскія персікі. І тое даелі іх толькі таму, што яны з-за начных маразоў абсыпаліся.

І ўся гэтая прыгажосць расце ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Таму я цалкам не выключаю, што беларускія селекцыянеры дзе-небудзь бліжэй да поўдня — у Гомельскай альбо Брэсцкай абласцях, — сапраўды вырошчваюць беларускую папайю і ківі. Нездарма ж нават такі аматар сельскай гаспадаркі, як Жэрар Дэпард’ё прыязджаў у сінявокую, каб пераняць тут досвед перадавога вырошчвання садавіны і гародніны. Праўда, замест гэтага беларускі «бацька» даў яму ў рукі касу, але тым не менш.

Канешне, селекцыя селекцыяй, але прамысловых аб’ёмаў вытворчасці зімовай маліны ды айчынных ківі мы пакуль што не дасягаем. Таму мы цалкам законна ўжыццявілі анекдот, як спаборнічалі выбітны ілюзіяніст Дэвід Каперфільд і беларускі мытнік. Каперфільд схаваў адзін вагон наўпрост на вачах у мытніка, а мытнік кажа: «Лабуда гэта ўсё. Бачыш той цягнік з аўтамабілямі? А зараз гэта (дыхае на пячатку і прыкладае яе да дакументаў) — зялёны гарошак!»

«Расія і Беларусь знаходзяцца ў адзінай мытнай тэрыторыі. І калі пастаўшчык вырашае, што яму лагістычна выгадней везці трапічную прадукцыю праз размешчаны ў Беларусі мытны склад, то ў гэтым няма нічога незаконнага… Калі тавар перажывае пэўны аб’ём перапрацоўкі на тэрыторыі Беларусі, калі ён становіцца таварам Мытнага саюза і залучаецца ў эканамічны абарот на тэрыторыі Беларусі, то ён абсалютна законным чынам пастаўляецца на тэрыторыю ўсяго Мытнага саюза», — патлумачыў беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў расійскаму прэм’еру Дзмітрыю Мядзведзеву асаблівасці з’яўлення на тэрыторыі Расіі беларускай папаі. І параіў аўтарам журналісцкіх «сенсацый» пра беларускія крэветкі і марскую рыбу вывучыць мытнае заканадаўства.

Так што, спадары расіяне, калі вы бачыце на сваіх паліцах беларускія ківі альбо авакада — не турбуйцеся. Гэта «зялёны гарошак».

Мабыць, з прычыны такой неймавернай нахабнасці расіяне былі настолькі шакаваныя, што падпісалі ўсё, што ім падсоўвалі. Напрыклад, на сустрэчы Кабякова і Мядзведзева Расія і Беларусь дамовіліся аб адтэрміноўцы па крэдытных лініях, прадастаўленых Мінску, да 2016 года. «Дасягнутыя дамоўленасці аб адтэрміноўцы плацяжоў па дзеючых крэдытных лініях да 2016 года, пры гэтым трэба адзначыць, што Беларусь выконвае свае бягучыя фінансавыя абавязацельствы цалкам», — падкрэсліваецца ў дакуменце, які цытуе Інтэрфакс.

Шкада, што не да будучага тысячагоддзя, але і тое хлеб. Зараз у «беларускай мадэлі» ёсць пэўны люфт часу. Але ён вельмі маленькі. 2016 год настане ўжо праз тры месяцы. Але да гэтага моманту, можа быць, краіна паспее атрымаць крэдыты ад Еўразійскага банка развіцця і Міжнароднага валютнага фонду.

Тут ёсць свае складанасці. Напрыклад, старшыня МВФ Крысцін Лагард на сустрэчы з беларускім кіраўніком у мінулую суботу ў Нью-Ёрку празрыста намякнула Аляксандру Рыгоравічу, што дасць грошы толькі ў выпадку згоды Лукашэнкі на правядзенне глыбокіх структурных рэформаў у беларускай эканоміцы. І, як вынікае з паведамлення пра сустрэчу, не толькі ў эканоміцы.

«Спадарыня Лагард прывітала некаторы прагрэс, дасягнуты ў апошні час ва ўмацаванні рамачнай палітыкі ў Беларусі, але падкрэсліла, што для аднаўлення стабільнасці і паступальнага росту неабходная больш глыбокая пераарыентацыя палітыкі, якая пастаянна падтрымліваецца на самым высокім узроўні», — гаворыцца ў дакуменце.

Добра гэта, ці кепска, пойдуць улады на «пераарыентацыю палітыкі», ці не, — прагназаваць цяжка. Але ў тым, што «беларускі эканамічны цуд» жыве па прынцыпе фінансавай піраміды — бярэм новыя крэдыты, каб аддаць старыя, — нічога станоўчага відавочна няма.