Прадстаўнік Нацбанка ўскосна пацвердзіў правядзенне перамоў з Расіяй аб адзінай валюце
Цэнтрабанкі Беларусі і Расіі абмяркоўваюць комплекс пытанняў, адным з якіх з'яўляецца тэма стварэння адзінай валюты. Гэта вынікае з выказванняў намесніка старшыні праўлення Нацбанка Сяргея Калечыца, які гутарыў з журналістамі 10 ліпеня ў Мінску падчас канферэнцыі, прысвечанай твінінг-праекту з ЕС.
"Пытанні могуць абмяркоўвацца любыя", — сказаў Калечыц, адказваючы на пытанне БелаПАН аб адзінай валюце. Але гэта не азначае, што "ўсе яны будуць рэалізаваны і што "заўтра мы ўвядзем адзіную валюту", дадаў ён.
Паводле слоў прадстаўніка Нацбанка, "у галіне грашова-крэдытнай палітыкі цэнтральнымі банкамі Беларусі і Расіі ўжо шмат зроблена, і падыходы блізкія".
Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што Цэнтрабанк Расіі выкарыстоўвае рэжым інфляцыйнага таргетавання, тады як Нацбанк Беларусі — манетарнага. "Нам трэба будзе перайсці на інфляцыйнае таргетаванне", — дадаў Калечыц.
Паводле яго слоў, беларускі бок зыходзіць з таго, што стварэнне адзінай валюты з'яўляецца вянком інтэграцыйных адносін. "Мы лічым, і пра гэта кажа досвед Еўрапейскага саюза, што ўвядзенне адзінай валюты з'яўляецца завяршальным этапам інтэграцыі, калі створаны ўсе неабходныя эканамічныя ўмовы, у тым ліку роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання", — сказаў Калечыц.
"Любая адзіная валюта, каб адпавядала інтарэсам усіх краін, павінна грунтавацца на роўных правах і магчымасцях цэнтральных банкаў у дачыненні да грашова-крэдытнай палітыкі", — падкрэсліў намеснік старшыні праўлення Нацбанка.
Аб правядзенні перамоў па стварэнні адзінай валюты з Беларуссю паведаміла 14 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Маскве старшыня Цэнтрабанка РФ Эльвіра Набіуліна. "Што да перамоў з Беларуссю, яны сапраўды вядуцца, але ў вельмі пачатковай стадыі. Я нагадаю, што ў нас у саюзнай дамове гаворка ішла пра магчымы пераход і да адзінай валюты. Але яшчэ раз: мы толькі ў пачатковай стадыі абмеркавання. І вядома, пакуль што размова не ідзе пра тое, каб распаўсюджваць гэта на іншыя краіны ЕАЭС", — дадала Набіуліна.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН