Прагноз росту ВУП на 2014 год зніжаны з 9,6 да 5,7%
Рост ВУП на 2014 год запланаваны на ўзроўні 5,7%. Паводле звестак БелаПАН, такая ацэнка прыводзіцца ў абноўленай канцэпцыі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год, якая ўнесена на разгляд Савета міністраў.
Мяркуецца, што асноўным фактарам эканамічнага росту ў наступным годзе павінна стаць павелічэнне экспарту. Эканамічныя ўлады, якія рыхтавалі канцэпцыю прагнозу, запланавалі ў 2014 годзе рост экспарту тавараў і паслуг на 11,4%.
Як паведамлялася раней, 23 ліпеня адбылося пасяджэнне прэзідыума Савета міністраў, падчас якога былі разгледжаны канцэпцыі праектаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і асноўных
кірункаў грашова-крэдытнай палітыцы Беларусі на 2014 год.
"Было зазначана, што галоўнай задачай, якую трэба будзе вырашыць у 2014 годзе, стане дасягненне эканамічнага росту пры адначасовым забеспячэнні збалансаванасці
эканомікі", — падкрэслівалася ў паведамленні прэс-службы Саўміна паводле вынікаў пасяджэння.
Падчас абмеркавання пададзеных канцэпцый членамі прэзідыума Савета міністраў былі вылучаны шэраг заўваг і прапаноў. Зацікаўленым дзяржорганам даручана на працягу месяца дапрацаваць
праекты дакументаў з улікам прапаноў, паведаміла прэс-служба.
Нагадаем, распрацоўкай прагнозных дакументаў на 2014 года эканамічныя ўлады сталі займацца ў другім квартале гэтага года. У чэрвеньскай рэдакцыі канцэпцыі прагнозу сацыяльна-эканамічнага
развіцця, паводле наяўных звестак, быў запланаваны рост ВУП на ўзроўні 9,6%.
На думку экспертаў, дасягнуць такіх высокіх тэпаў эканамічнага росту ў 2014 годзе нерэальна, таму перагляд чэрвеньскага прагнозу заканамерны. "Тэмп росту ВУП на
9,6% быў зусім нерэалістычным, ён ніяк не адпавядае патэнцыялу росту беларускай эканомікі", — мяркуе эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра
(BEROC) Дзмітрый Крук.
Каментуючы новыя прагнозныя планы па тэмпах эканамічнага росту, эксперт зазначыў, што выканаць іх у існых умовах будзе цяжка. "На фоне неспрыяльнай знешняй кан'юнктуры,
якая ў наступным годзе наўрад ці сур'ёзна зменіцца, забяспечыць эканамічны рост на ўзроўні 5,7% будзе складана", — мяркуе Крук.
Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, у першай палове 2013 года рост ВУП склаў 1,4% (пры афіцыйным прагнозе на год 8,5%). У 2012 годзе эканамічны рост у Беларусі быў 1,5% (афіцыйна
прагназаваўся 5,5%).
Дзмітрый Заяц, БелаПАН