Распродаж уласнасці: Беларусь пагадзілася на прыватызацыю “Белінвестбанка”

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і ўрад Беларусі ўпершыню дамовіліся аб сумеснай працы па прыватызацыі аднаго з дзяржаўных банкаў краіны.



wps_wpimage.jpg

Як паведаміла БелаПАН прэс-служба ЕБРР, мемарандум аб узаемаразуменні заключаны 13 мая ў Тбілісі ў межах штогадовага сходу кіраўнікоў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Дакумент, які падпісалі першы віцэ-прэзідэнт ЕБРР Філіп Бенет і віцэ-прэм'ер урада Беларусі Уладзімір Сямашка, прадугледжвае продаж дзяржавай да 2020 года кантрольнага пакета акцый ААТ “Белінвестбанк” — чацвёртага па велічыні банка краіны.

Паводле звестак БелаПАН, ЕБРР мае намер набыць 25% акцый “Белінвестбанка”, каб сумесна з урадам і Нацбанкам завяршыць перадпродажную падрыхтоўку беларускага банка. У далейшым можа адбыцца адчужэнне акцый — і гэтых 25%, і дадатковых — стратэгічнаму інвестару. Паводле мемарандума "Белінвестбанк" папярэдне ацэнены ў 400 млн. еўра (449,04 млн. долараў).

“Гэтае першае ў сваім родзе пагадненне азначае рашучыя змены ў афіцыйнай палітыцы і можа адкрыць новы раздзел у гісторыі банкаўскай сістэмы краіны, 65% якой цяпер належаць дзяржаве”, — зазначаюць у ЕБРР.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця са свайго боку гатовы даць “Белінвестбанку” перадпрыватызацыйнае фінансаванне пры ўмове дасягнення пэўных узгодненых мэтаў, якія прадугледжваюць павышэнне якасці карпаратыўнага кіравання ААТ “Белінвестбанк” і гарантыі яго незалежнасці як камерцыйнай арганізацыі, свабоднай ад палітычнага ўплыву.

Фінансаванне можа ўключаць інвестыцыю ў акцыянерны капітал ААТ “Белінвестбанк”, а таксама арганізацыю фінансавання па лініі праграмы спрыяння гандлю для банка і даванне яму крэдытаў, скіраваных на дапамогу ў развіцці мясцовых малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

Уладзімір Сямашка зазначыў, што ўрад Беларусі з задавальненнем успрыняў рашэнне ЕБРР аб выключэнні з рэжыму “калібраванага” падыходу праекта па папярэдняй прыватызацыі ААТ “Белінвестбанк”, і выказаў надзею, што гэтым будзе пакладзены пачатак да зняцця абмежаванняў і пашырэння аперацый ЕБРР у дзяржаўным сектары.

Прэзідэнт ЕБРР Сума Чакрабарці заявіў: “Падпісанне гэтага мемарандума з'яўляецца многаабяцальным прарывам і паспяховым вынікам перамоў, якія адбыліся паміж прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і мной у лютым гэтага года. Рэалізацыя гэтага пагаднення здольная вызваліць велізарны патэнцыял, стымулюючы развіццё прыватнага сектара краіны”.

Магчымасць прыватызацыі ААТ “Белінвестбанк”, доля якога на беларускім рынку банкаўскіх паслуг складае больш за 6%, была адным з пытанняў, якія абмяркоўваліся з Лукашэнкам падчас візіту Сумы Чакрабарці ў Мінск у пачатку гэтага года.

ЕБРР з'яўляецца буйным інвестарам у Беларусі. Па стане на 1 мая 2015 года банк выдзеліў больш за 1,7 мільярда еўра ў межах 70 праектаў, большая частка якіх рэалізуецца ў прыватным сектары.