Рыгор Кастусёў: Што ў Беларусі стала не так з другім хлебам?

З даўніх часоў бульбу ў Беларусі называюць другім хлебам. Але ў апошні час ураджайнасць бульбы імкліва зніжаецца, упэўнены старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

kartoshka_03.jpg

«Другі хлеб» на нашых землях пачалі вырошчваць амаль на сто гадоў раней, чым у суседзяў. Калі Пётр І, напрыклад, сілавымі метадамі імкнуўся навязаць у Расіі гэтую гародніну, а расійскія сяляне не хацелі прымаць яе як дзіковінку, і ў краіне, нават, адбываліся бунты супраць яе вырошчвання, нашыя продкі пра бульбу ведалі ўсё.Ужо ў складзе Расійскай імперыі, у ХІХ стагоддзі на беларускіх землях вырошвалася 25% валавой вытворчасці бульбы, у Беларусі налічвалася 160 перапрацоўчых прадпрыемстваў, якія выраблялі спірт і крухмал з бульбы.
З тае пары за нашай краінай моцна замацаваўся імідж «бульбяной», які да гэтага часу згодна апытанак Міністэрства спорту і турызму сярод беларусаў і замежных гасцей найперш прыходзіць у галаву рэспандэнтаў як асацыяцыя ў адказ на пытанні аб прадметах, рэчах, з’явах, звязаных з Беларуссю.
Яшчэ на пачатку часоў незалежнасці Беларусь некаторы час была на першым месцы ў свеце па вытворчасці бульбы на душу насельніцтва, але з цягам часу, у ХХІ стагоддзі, пачала страчваць свае пазіцыі.
Захады кіраўніцтва краіны, Міністэрства сельскай гаспадаркі, мясцовых органаў выканаўчай улады адрадзіць былыя традыцыі па вырошчванні бульбы, не маюць поспеху. Плошчы бульбяных палеткаў у сельскагаспадарчых прадпрыемствах з кожным годам усё скарачаюцца, ураджайнасць падае.
Нават асабісты прыклад А.Лукашэнкі, які на сваім ўласным участку ў Драздах вырошчвае неблагі, як нам паведамляюць дзяржаўныя СМІ, ураджай бульбы, не натхняе сялян.
Напрыклад, на Магілёўшчыне вытворчасць бульбы сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі вобласці склала ў 2019 годзе толькі 72,3 тысяч тон, што ў тры разы меней, чым напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.
Некаторыя раёны Магілёўскай вобласці, як Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Круглянскі, ўжо цалкам развучыліся вырошчваць бульбу ў сельгаспрадпрыемствах, а іншыя – Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Хоцімскі ў апошнія гады накапвалі ўсяго па некалькі соцен тон «другога хлеба».
Нават Бялыніцкі раён, які мае ці не адзінае на ўсю вобласць перапрацоўчае прадпрыемства – крухмальны завод у аг. Цяхцін ААТ «Новая Друць», сабраўшы ў 2019г. толькі каля 2-х тысяч тон клубняў, праваліў усе планы. Крухмальны завод увосень 2019 года адпрацаваў каля дзесяці дзён, і то не на поўную магутнасць. Вось так і стаіць завод без патрэбы.
А яшчэ ў ліпені 2017 года на свяце «Купалле» у Александрыі Бялыніцкі раён узнагароджваўся дыпломам І ступені Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, як пераможца сярод раёнаў вобласці ў намінацыі «вытворчасць бульбы» па выніках працы за 2016 год.
Калі падзенне вытворчасці бульбы працягнецца падобнымі тэмпамі, то для Беларусі праглядаецца перспектыва не толькі страты іміджу – «бульбяной» краіны, а і перспектыва неабходнасці імпарту бульбы, як і іншых прадуктаў харчавання, для забяспячэння патрэб насельніцтва.
Бо, як сведчыць статыстыка на прыкладзе Магілёўшчыны, адбываецца падзенне вытворчасці не толькі бульбы, а і вытворчасць зернявых і зернебабовых, гародніны, прадукцыі жывёлагадоўлі і іншага.
Для выратавання сяла ў Беларусі даўно наспела неабходнасць правядзення рэформаў у сельскагаспадарчай галіне з развіццём прыватна-уласніцкіх, фермерскіх гаспадарак, праз фармаванне гаспадарчага падыхода да зямлі.
Яскравым прыкладам гаспадарчага падыхода да справы ў сельскай гаспадарцы з’яўляецца на Магілёўшчыне, напрыклад, сялянская (фермерская) гаспадарка «Дзіяна» Шклоўскага раёна, якая ў 2019 годзе забяспечыла 40% вытворчасці бульбы ад агульнага абласнога аб’ёма, змагла рэалізаваць яе за межы краіны на мільёны долараў ЗША.
Але ні магілёўскае, ні мінскае чынавенства ўжо шмат гадоў упарта не жадаюць заўважаць паспяховую, шматгадовую дзейнасць «Дзіяны» для пашырэння досведу, як і дзейнасць іншых фермерскіх гаспадарак, ды не толькі Магілёўшчыны.
Рыгор Кастусёў, 6tv.by