Свабода, роўнасць, банкруцтва

Беларусь павінна атрымаць максімальную выгаду ад уваходжання ў Адзіную эканамічную прастору, заявіў на пасяджэнні Саўміна прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Разам з тым некаторыя беларускія прадпрыемствы паведамілі, што ўжо панеслі страты ад новых братэрскіх умоў працы.

Беларусь павінна атрымаць максімальную выгаду ад уваходжання ў Адзіную эканамічную прастору, заявіў на пасяджэнні Саўміна прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Разам з тым некаторыя беларускія прадпрыемствы паведамілі, што ўжо панеслі страты ад новых братэрскіх умоў працы.
«Мы павінны планаваць уласнае развіццё з улікам стратэгій нашых партнёраў. Нам трэба актывізаваць працу і атрымаць максімальную выгаду ад працы АЭП, — падкрэсліў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. — Мы павінны крэатыўна рэалізоўваць сваю эканамічную стратэгію, павышаць канкурэнтаздольнасць краіны, выкарыстоўваючы магчымасці інтэграцыі, і не толькі за кошт Адзінай эканамічнай прасторы, — працягнуў думку прэм’ер. Ён падкрэсліў важнасць дасягнення запланаваных паказчыкаў па росту экспарту і выхаду на дадатнае знешнегандлёвае сальда. — Валаўтваральныя экспарцёры — Мінпрам і канцэрн «Белнафтахім» упэўнена адчуваюць эканоміку сваіх прадпрыемстваў, а гэта больш за палову экспарту краіны».
На фоне такіх абнадзейваючых заяў інфармацыя ад Дзмітрыя Дзічкоўскага — дырэктара буйнога і ўсім вядомага ў Беларусі СП ЗАТ «Мілавіца» — паказвае непрывабную рэчаіснасць, якую прынеслі новыя міждзяржаўныя пагадненні і, адпаведна, новыя ўмовы гаспадарання. Па выніках 2011 года «Мілавіца» панесла дадатковыя выдаткі ў памеры 2,5 мільёна еўра і таму мае намер ініцыяваць вяртання прэферэнцый па мытных пошлінах. Матэрыялы для вытворчасці гарсэтных вырабаў прадпрыемства імпартуе з 16-ці краін свету. Да ўступлення ў сілу правілаў Мытнага саюза сярэдняя мытная пошліна на матэрыялы, што імпартуюцца, складала для «Мілавіцы» 4,5%. А з 1 студзеня 2010 года яна вырасла да 12,5%, аўтаматычна паўтарыўшы аналагічную мытную стаўку Расійскай Федэрацыі. Павышэнне пошлін паставіла пад пагрозу цэнавую канкурэнтаздольнасць беларускага вытворцы гарсэтных вырабаў, заяўляе Дзмітрый Дзічкоўскі.
Апроч таго, з 2010 года стаўкі ўвазных мытных пошлін на гатовыя гарсэтныя вырабы пры пастаўках у краіны Мытнага саюза знізіліся з 20% да 10%, што палегчыла доступ еўрапейскім вытворцам на ёмісты расійскі рынак. Апошняе сталася вельмі адчувальным для «Мілавіцы», у якой 65% продажаў прыпадае на Расійскую Федэрацыю. У геаграфіі збыту, акрамя таго, 20% продажаў ажыццяўляецца на ўнутраным беларускім рынку, 10% — ва Украіне, астатняе — на рынках ЕС. Расія збіраецца ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю, і гэта яшчэ больш ускладніць маркетынгавую сітуацыю для беларускага вытворцы гарсэтных вырабаў — будуць адмененыя ахоўныя пошліны і аб’яднаны рынак краін Адзінай эканамічнай прасторы апынецца цалкам адкрытым для еўрапейскіх канкурэнтаў «Мілавіцы». У той жа час для беларускіх таваравытворцаў захоўваюцца ўвазныя пошліны ў памеры 12% пры экспарце ў краіны Еўрасаюза.
«На рынках Еўрасаюза мы становімся неканкурэнтаздольнымі, бо выплата пошліны на сыравіну ў памеры 12,5% прыводзіць да адпаведнага падаражання нашых вырабаў для еўрапейскага спажыўца, — патлумачыў генеральны дырэктар прадпрыемства. — Еўрапейскія вытворцы знаходзяцца ў загадзя больш выйгрышным становішчы, пры нулявых стаўках на сыравіну і нулявых, у перспектыве, пошлінах пры ўвозе на тэрыторыю АЭП».
Кіраўнікі прадпрыемства неаднаразова ініцыявалі ў рамках Мытнага саюза перагляд дзеючых правілаў і вяртанне «Мілавіцы» прэферэнцый па мытных пошлінах. Захаванне канкурэнтаздольнасці вядучага беларускага брэнда павінна стаць адной з перагаворных пазіцый Беларусі ў фармаванні правілаў Адзінай эканамічнай прасторы, мяркуе Дзмітрый Дзічкоўскі.
Пра праблемы беларускіх прадпрыемстваў пасля ўступлення ў АЭП папярэджваў, напрыклад, эканаміст Леанід Заіка. На яго думку, з-за больш жорсткіх умоў канкурэнцыі на агульным рынку Беларусі, Расіі і Казахстана прыкладна 10–15% беларускіх прадпрыемстваў увогуле будуць зачыненыя. “З’явіцца прадукцыя канкурэнтаў, якая будзе мець больш нізкую цану, што выгадна спажыўцам. Рызыкі беспрацоўя будуць нівеляваць міграцыяй рабочай сілы ў Расію. Магчымыя і рызыкі напаўнення бюджэту ў сувязі з тым, што згубім частку ПДВ, магчымыя рызыкі з падтрыманнем занятасці і ўтрыманнем на плыву шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэта рэаліі рынкавай эканомікі, — гаворыць эканаміст.
Адзіная эканамічная прастора прадугледжвае свабодны гандаль таварамі, паслугамі, свабоднае перамяшчэнне чалавечага і фінансавага капіталу. І вось гэтыя, падавалася б, прывабныя магчымасці, адкрываюць дарогу не толькі перспектывам, але і праблемам. Новыя рынкі збыту і адначасова меншая абароненасць беларускіх вытворцаў ад канкурэнцыі, «Мілавіца» — яркі прыклад. Атрымалася, што прадпрыемства мае неблагую якасць прадукцыі, але неканкурэнтаздольныя цэны. Тым больш трэба памятаць, што расійскі і казахстанскі рынак спажывецкіх тавараў насычаны таннай кітайскай прадукцыяй, якая заўжды гатовая пацясніць любы тавар, што крыху аслабіў свае пазіцыі на спажывецкім рынку. Адпаведна, гэтыя ж недарагія тавары хутка мусяць запоўніць прылаўкі беларускіх крамаў. А з улікам пагаршэння пакупной здольнасці насельніцтва не трэба доўга гадаць, на карысць якога прадукту будзе рабіцца выбар.
Да інфармацыі: за 11 месяцаў мінулага года, паводле Белстата, адмоўнае сальда гандлю таварамі з краінамі Мытнага саюза вырасла з 6,8 да 9,4 мільярда долараў. І гэта ва ўмовах дэвальвацыі, якая мусіла ўмацаваць пазіцыі айчынных тавараў па-за межамі краіны. Нагадаем, сукупная дэвальвацыя беларускага рубля за 2011 год склала амаль 190%. І нават гэта не выратавала беларускіх экспарцёраў, хаця яны і мелі дэвальвацыйны прыбытак.
Яшчэ адзін істотны момант: уступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю накладае на партнёраў па Мытным саюзе абавязацельства перайсці на нормы СГА, і больш за тое, уступіць у яе. Факт адкрытага для сусветных вытворцаў беларускага рынку ставіць беларускіх вытворцаў на адну лінейку з вядомымі прадпрыемствамі. Але ці гатовыя айчынныя прадпрыемствы да такой канкурэнцыі? Сусветныя брэнды з высокім кантролем якасці і вытворчасцямі ў краінах трэцяга свету, дзе нізкія расходы на заработную плату, — гэта хіба што амаль новая з’ява для многіх беларускіх вытворцаў, якія прызвычаіліся да вымушанай непераборлівасці спажыўца.
Да слова, уваход Беларусі ў СГА будуць курыраваць расійскія спецыялісты, якія ўдзельнічалі ў перамовах па ўступленні ў названую арганізацыю РФ. “Мы падпісалі дэкларацыю з Рэспублікай Беларусь аб узаемадзеянні і дапамозе Беларусі па ўступленні ў СГА. Беларускую перамоўную групу з СГА мы ўмацоўваем нашымі перамоўнікам. Курыраваць яе будзе Мядзведкаў, які займаўся перамовамі Расіі, — паведаміў пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. Дыпламат адзначыў, што ад уступлення ў СГА Беларусь і Расія атрымаюць як пазітыўныя, так і негатыўныя змены.
“Для Расіі і для Беларусі знізіцца ўзровень падтрымкі сельскай гаспадаркі. Нам давядзецца займацца нетарыфнай падтрымкай сельскай гаспадаркі. У машынабудаванні рынкі адкрываюцца больш нізкімі мытнымі пошлінамі. Трэба зніжаць выдаткі, павышаць прадукцыйнасць працы, — адзначыў Сурыкаў.
Што тычыцца выгодаў, то эксперты Еўразійскага банка развіцця падлічылі ідэальны сумарны эфект ад развіцця інтэграцыйных сувязяў у рамках АЭП за перыяд 2011–2030 гадоў. Беларусі гэтая авантура быццам бы можа даць 15% дадатковага прыросту ВУП і складзе 170 мільярдаў долараў. Такі прарыў можна чакаць за кошт развіцця гандлёвых сувязяў, кааперацыі вытворчасцяў і абмену тэхналогіямі ўнутры АЭП. Аднак эканаміст Леанід Злотнікаў да падобных прагнозаў ставіцца стрымана і нагадвае, што гэты варыянт разлічваўся на ўмове, што ў рамках адзінай прасторы кошты на энерганосьбіты для Беларусі будуць прадстаўляцца без экспартных пошлін, будуць адзінымі для ўсіх краін-удзельніц. Але прадказваць энергетычнае беларуска-расійскае пытанне — няўдзячная справа.