«У нас у краіне столькі долараў няма»
Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч і старшыня Нацыянальнага банка Надзея Ермакова адзначыліся цікавымі заявамі.
Кіраўнік урада ў размове з журналістамі агучыў шэраг цікавых лічбаў. У прыватнасці, Мясніковіч заявіў, што Беларусь з-за дэвальвацыі расійскага рубля страціла на экспарце каля 740 мільёнаў
даляраў.
Таксама, па ацэнцы прэм'ер-міністра, не менш чым 320 мільёнаў «баксаў» вывезлі з краіны аўтааматары, якія за кастрычнік-лістапад купілі ў Беларусі 21,5 тысячу
аўтамабіляў.
У выніку, як сцвярджае старшыня Савета міністраў, сфармаваўся ажыятажны попыт на валюту. У асобныя дні аб'ёмы продажаў насельніцтву толькі праз абменнікі даходзілі да 97 мільёнаў долараў
у дзень, у той час як купля складала каля 15-17 мільёнаў.
Але самым цікавым аказаўся наступны пасаж Мясніковіча: «У насельніцтва ёсць права выбару. Калі хочаце памяняць свае рублі на долары — калі ласка, свабодна, але заплаціце пры гэтым камісію ў 30%. Таму што ў нас у краіне
столькі долараў няма і не можа быць, для таго каб задаволіць запыт пад поўную патрэбнасць».
З гэтага вынікае, што праблемы з валютай у Беларусі носяць хранічны, непераадольны характар. Па меншай меры, пры цяперашнім урадзе.
Чаму менавіта ў Беларусі на 21-м годзе «росквіту» долараў «няма і не можа быць» у дастатковай колькасці — пытанне, вядома, цікавае. І ці азначае сказанае прэм'ер-міністрам, што 30%
-вый збор на набыццё валюты насамрэч уведзены не да 1 лютага, а надоўга?
Зрэшты, вера ў светлую будучыню беларускага рубля настолькі высокая, што шмат хто гатовы купляць долар нават па 14 тысяч з лішнім. Старшыня Нацыянальнага банка Надзея Ермакова паведаміла БЕЛТА,
што цяпер назіраецца перавод рублёвых дэпазітаў у валютныя: «Людзі пераафармляюць уклады, нягледзячы на камісійны збор у 30%».
Па словах кіраўніка Нацбанка, 18 снежня грамадзяне забралі з банкаў каля 2 трыльёнаў беларускіх рублёў, а 19-га — яшчэ 900 мільярдаў. Адразу пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дэвальвацыі
не будзе...
Вадзім Ліўнеў, gazetaby.com