Улады Беларусі працягваюць рушыць у дэфолтным кірунку
Мінфін Беларусі разлічыўся яшчэ па двух выпусках еўрааблігацый у беларускіх рублях. Гаворка ідзе аб выплаце купоннага даходу на суму 38,6 млн долараў.

«Ва ўмовах няздольнасці заходняй разлікова-клірынгавай інфраструктуры забяспечваць давядзенне выплат да ўсіх трымальнікаў еўрааблігацый Рэспублікі Беларусь, а таксама санкцыйных абмежаванняў, якія дзейнічаюць у дачыненні да Нацыянальнага банка як фінансавага агента Урада Рэспублікі Беларусь, чарговая выплата працэнтнага даходу па еўрааблігацыях Рэспублікі Беларусь Belarus-2026 і Belarus-2031 у памеры 38,6 млн долараў ЗША ў эквіваленце праведзена 24.08.2022 у поўным аб'ёме ў адпаведнасці з раней прынятым часовым парадкам выканання знешніх дзяржаўных даўгавых абавязацельстваў», — паведамілі ў Мінфіне.
У Міністэрстве дадалі, што «плацёж ажыццёўлены на рахунак сродкаў у замежнай валюце шляхам пералічэння на асобны банкаўскі рахунак, адкрыты ў ААТ “АСБ Беларусбанк” у беларускіх рублях», піша Reform.by.
Указваецца, што доступ да дадзеных сродкаў забяспечаны для Citibank N. A. London Branch, які з'яўляецца плацежным агентам згодна з эмісійнай дакументацыяй.
Трэба зазначыць, што раней Citibank афіцыйна адмовіўся быць плацежным агентам па беларускіх еўрааблігацыях, пра што паведаміў 7 ліпеня.
Папярэднія выплаты, зробленыя Мінфінам у рублях па еўрааблігацыях, былі прызнаны міжнароднымі рэйтынгавымі агенцтвамі дэфолтам. Кіраўнік Міністэрства Юрый Селіверстаў матываваў рашэнне выконваць абавязацельствы ў тым ліку і тым, што да некаторых трымальнікаў не даходзяць валютныя плацяжы.

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка прызнаваў, што выплаты па лютаўскіх купонах не дайшлі да трымальнікаў з Беларусі і Расіі. У цэлым кіраўнік урада «не бачыць нічога страшнага» ў тым, што па беларускіх аблігацыях прызнаюць дэфолт.