"Уралкалій" спыняе экспартныя пастаўкі праз БКК
ААТ "Уралкалій" спыняе экспартны продаж калійных угнаенняў праз ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" (БКК), вызначыўшы адзіным каналам экспартнага збыту прадукцыі "Уралкалій-Трэйдынг". Такое рашэнне прыняў 29 ліпеня савет дырэктараў расійскага ААТ, паведамляе афіцыйны сайт кампаніі.
"Мы са шкадаваннем вымушаны канстатаваць, што наша супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі ў межах БКК зайшло ў тупік, — заявіў генеральны дырэктар ААТ "Уралкалій" Уладзіслаў Баўмгертнер. — "Уралкалій" заўсёды настойваў на тым, што экспартны продаж абодвух вытворцаў павінен ажыццяўляцца праз адзіную тавараправодную сетку. Гэты фундаментальны прынцып супрацоўніцтва быў парушаны з падпісаннем указа прэзідэнта Беларусі ад 22 снежня 2012 года № 566 аб адмене выключнага права Беларускай калійнай кампаніі на экспартныя пастаўкі беларускага калію, услед за якім былі фактычныя адгрузкі "Беларуськалія" па-за рамкамі БКК".
"Мы неаднаразова звярталі ўвагу нашых беларускіх партнёраў не непрымальнасць такіх дзеянняў, у выніку якіх былі разбураны асновы нашага шматгадовага плённага супрацоўніцтва, — зазначае дырэктар "Уралкалія". — У такой сітуацыі мы вымушаны перанакіраваць нашы экспартныя патокі на ўласнага трэйдара. Разам з тым, мы хацелі б выказаць удзячнасць нашым беларускім партнёрам за ўзаемадзеянне ў межах БКК. Мы застаемся адкрытымі да яго магчымага аднаўлення на ўзаемавыгаднай аснове ў будучыні".
У БКК сітуацыю пакуль не каментуюць.
Нагадаем, 20 мая Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску з членам Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ — акцыянерам ААТ "Уралкалій" Сулейманам Керымавым заявіў, што ў цяперашніх умовах ААТ "Беларуськалій" і ААТ "Уралкалій" павінны ўзмацніць сваё адзінства ў сферы рэалізацыі калійных угнаенняў. "Любая спроба дзейнічаць паасобку, асабліва цяпер, бо мы стварылі кампанію па рэалізацыі калійных угнаенняў, будзе толькі шкодзіць і "Уралкалію", з аднаго боку, і "Беларуськалію" — з іншага, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І мы не ўтойваем, што будзем узмацняць нашы дзеянні па адзінстве на рынку калійных угнаенняў".
Лукашэнка падкрэсліў, што гэта пазіцыя беларускай дзяржавы, якой прытрымліваюцца ўсе: ад кіраўніка кампаніі па вырабе калійных угнаенняў да прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы зазначыў, што гатовы выслухаць любыя прапановы расійскага боку ў межах такой канцэпцыі.
25 ліпеня Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Алены Кудравец генеральным дырэктарам БКК. Звяртаючыся да новага гендырэктара БКК, Лукашэнка зазначыў, што ёй добра вядомая сітуацыя ў калійнай галіне. "Гэта не толькі сфера калійных угнаенняў, гэта сфера гандлю, прычым у глабальным маштабе. Гэта не тое што прыйшоў, недзе прыкупіў чагосьці, потым перапрадаў, як у нас зараз гэта прынята, а гэта вялікая палітыка ў сферы продажу", — зазначыў кіраўнік дзяржавы. "Вы актыўны ўдзельнік той камісіі, якая вывучала сітуацыю на калійным рынку наогул, вы аналізавалі працу Беларускай калійнай кампаніі, якая займаецца рэалізацыяй калійных угнаенняў Беларусі і Расійскай Федэрацыі. Больш за тое, вы добра ведаеце сітуацыю не толькі ў нашага вытворцы, але і расійскага. І, напэўна, я так мяркую, такіх спецыялістаў, як вы, у краіне няшмат, якія так валодалі б сітуацыяй аб продажы калійных угнаенняў", — сказаў Лукашэнка.
"Нам ні ў якім выпадку нельга страціць расійскую кампанію, таму што мы больш магутныя, мы самая магутная кампанія па рэалізацыі калійных угнаенняў, калі мы з расіянамі дзейнічаем разам. Але, вядома ж, не трэба забываць і беларускія інтарэсы, таму што з таго боку — прыватная кампанія. І ў дзяржавы і прыватніка не заўсёды супадаюць у нюансах мэты, але тым не менш як яны, так і мы хочам прадаць больш і даражэй, гэта натуральна, і ў гэтым галоўным нашы інтарэсы супадаюць, — зазначыў Лукашэнка. — Трэба ўзяць пад кантроль усе патокі, па якіх бы лініях яны ні рэалізоўваліся, і паглядзець на цэны".
"Уралкалій"— адзін з вядучых сусветных вытворцаў калію з доляй у сусветнай вытворчасці прыблізна 20%. Вытворчыя актывы кампаніі ўключаюць пяць руднікоў і сем абагачальных фабрык, размешчаных у гарадах Беразнякі і Салікамск (Пермскі край). У асноўным вытворчым падраздзяленні кампаніі працуюць прыкладна 11.800 супрацоўнікаў. Акцыі і глабальныя дэпазітарныя распіскі ААТ "Уралкалій" абарачаюцца на Маскоўскай біржы і Лонданскай фондавай біржы.
ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" — найбуйнейшы экспарцёр калійных угнаенняў, доля паставак якіх на сусветны рынак складае 43%. Кампанія пастаўляе мінеральныя ўгнаенні больш як у 80 краін і працягвае асвойваць новыя рынкі. БКК — эксклюзіўны трэйдар калійных угнаенняў вытворчасці ААТ "Беларуськалій" і ААТ "Уралкалій".
Марына Носава, БелаПАН