Валютная выручка Беларусі скарацілася на 3,5 млрд долараў
Паводле звестак Нацыянальнага банка, валютныя паступленні Беларусі за студзень—жнівень склалі 18,9 млрд долараў і знізіліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 3,5 млрд долараў, ці на 15,6%.
Скарачэнне валютных паступленняў Беларусі ў гэтым годзе звязана шмат у чым з памяншэннем экспартнай выручкі краіны.
Як сведчаць звесткі Нацбанка, паступленні ад экспарту тавараў у студзені—жніўні 2016 года склалі 14,75 млрд долараў і знізіліся на 17,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Валютная выручка ад экспарту паслуг за згаданы перыяд склалася на ўзроўні 3,69 млрд долараў і скарацілася на 8,1% у параўнанні са студзенем—жніўнем 2016-га.
Як сведчаць даныя аб знешнім гандлі, асноўны адмоўны ўплыў на дынаміку валютнай выручкі Беларусі аказала зніжэнне (у грашовым выражэнні) экспарту беларускіх нафтапрадуктаў, нафты і калійных угнаенняў, якія рэалізуюцца ў краінах Азіі і Заходняй Еўропы.
Як следства, валютная выручка Беларусі ў студзені—жніўні, якая паступіла з краін па-за СНД, склала 10,44 млрд долараў і знізілася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года амаль на 3,1 млрд долараў.
Варта зазначыць, што экспарт тавараў і паслуг і, як вынік, валютная выручка Беларусі зніжаецца ўжо чацвёрты год запар. Так, у 2013-м у параўнанні з 2012-м беларускі экспарт зменшыўся на 15,1%, у 2014-м — на 1,7%, у 2015-м — на 24,2%.
На думку беларускіх эканамістаў, зніжэнне экспарту і валютнай выручкі Беларусі абумоўленае, галоўным чынам, дзвюма прычынамі. Першая — змяншэнне коштаў на сусветным рынку на экспартаваныя Беларуссю нафтапрадукты і скарачэнне попыту на калійныя ўгнаенні, якія таксама прадае краіна на знешніх рынках.
"Іншая прычына скарачэння валютнай выручкі мае больш глыбінныя карані і звязаная з падзеннем канкурэнтаздольнасці беларускіх прадпрыемстваў", — лічыць вядучы даследчык Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.
Уступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю ў 2012 годзе, мяркуе эксперт, прывяло да таго, што канкурэнцыя на асноўным рынку збыту беларускай прадукцыі ўзрасла, і айчынным экспарцёрам стала больш складана яе туды прадаваць.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН