Расспажыўнагляд: у Расіі зафіксавана 10 выпадкаў віруса Зіка
Кіраўнік Расспажыўнагляду Ганна Папова паведаміла, што, паводле дадзеных на сярэдзіну верасня, у Расіі зафіксавана 10 выпадкаў захворвання на вірус Зіка з крыніцай з-за мяжы.
![Вірус Зіка перадаецца чалавеку праз укусы камароў. Фота REUTERS Вірус Зіка перадаецца чалавеку праз укусы камароў. Фота REUTERS](/img/v1/userfiles/images/_91761770_mediaitem91761767.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вірус Зіка перадаецца чалавеку праз укусы камароў. Фота REUTERS
Ганна Папова паведаміла, што ў Расіі зафіксавана 10 выпадкаў захворвання на вірус Зіка з крыніцай з-за мяжы. Яна падкрэсліла, што выпадкаў мясцовай перадачы віруса ў краіне няма. "На сённяшні дзень маем толькі прывазныя, і толькі 10 выпадкаў", — сказала Папова.
Паводле яе ацэнак, рызыкі распаўсюджвання вірусу Зіка ў Расіі мінімальныя.
Сімптомы хваробы, выкліканай вірусам Зіка, могуць уключаць нязначнае павышэнне тэмпературы, скурную сып, кан'юктывіт, боль у цягліцах і суставах, агульнае недамаганне або галаўны боль. Аднак прыкладна ў 80% заражаных вірус Зіка ніяк сябе не выяўляе, што моцна ўскладняе своечасовую дыягностыку, паведамляе ВВС.
Вірус Зка небяспечны для цяжарных жанчын, бо выклікае сіндром мікрацэфаліі ў немаўлят: дзеці нараджаюцца з вельмі маленькімі галовамі і часцяком з дэфектамі развіцця мозгу.
Эпідэмія віруса Зіка пачалася ў мінулым годзе ў Бразіліі. Зараз выпадкі захворвання адзначаны ў 70 краінах свету.
Нагадаем, у пачатку года Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) апублікавала даклад, у якім разгледжаны тэндэнцыі распаўсюджвання віруса Зіка ў Еўропе. Агульная верагоднасць была прызнаная невысокай, за выключэннем некалькіх рэгіёнаў, паведамляе www.nat-geo.ru. У зону рызыкі ўвайшлі тры геаграфічныя зоны: партугальскі востраў Мадэйра, а таксама чарнаморскае ўзбярэжжа Грузіі і Расіі. Менавіта тут жыве пераносчык віруса Зіка — камар Aedes aegypti, у той час як на астатняй тэрыторыі Еўропы сустракаецца іншы від камароў: Aedes albopictus.
![d70ac64ea1420c8230796f11faa92dc1.jpg d70ac64ea1420c8230796f11faa92dc1.jpg](/img/v1/userfiles/images/d70ac64ea1420c8230796f11faa92dc1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Цёмна-сінім колерам пазначаны зоны максімальнай рызыкі распаўсюджвання віруса Зика Фота: Euro.who.int
Раней Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што інфекцыя з вялікай верагоднасцю будзе распаўсюджвацца па Азіі. Сотні выпадкаў ужо былі зафіксаваныя ў Сінгапуры, а ў Тайландзе былі пацверджаны два выпадкі мікрацэфаліі, выкліканай вірусам.