Знешняя запазычанасць Беларусі імкліва расце і без новых крэдытаў

Нягледзячы на тое, як дагэтуль урад знаходзіць сродкі, каб аддаць вялізарныя адсоткі па знешняй запазычанасці, больш за $ 3 мільярда долараў сёлета, памеры новых налічэнняў таксама ўражваюць.

Толькі за першы квартал 2013 года запазычанасць вырасла на 375,5 мільёна долараў, што павялічыла агульны доўг да 12,4 мільярда долараў. Дзяржаўная пазыка Рэспублікі Беларусь на 1 траўня 2013 года павялічылася ў параўнанні з пачаткам года на Br 5,6 трыльёна, або на 4,4 %.
 

Тым часам Мінск чакае на атрыманне вялізарнага крэдыту на будаўніцтва АЭС і павялічвае таксама і ўнутраную дзяржаўную пазыку — з пачатку года яна вырасла на Br 1,4 трыльёна.
 

Паводле Міністэрства фінансаў, павелічэнне ўнутранай дзяржпазыкі ў 2013 годзе абумоўленае размяшчэннем валютных дзяржаўных аблігацыяў для юрыдычных і фізічных асобаў і ростам афіцыйнага курсу долара ЗША адносна беларускага рубля.

Незалежныя эканамісты неаднаразова зазначалі, што калі Мінск не прыдумае новай геніяльнай схемы заробку валюты, як было з разбаўляльнікамі летась, то выплаты крэдытаў, новыя запазычанасці, рост заробкаў пры малой вытворчасці плюс забітыя нікому не патрэбнаю тэхнікаю склады могуць прывесці да паўтору калапсу 2011 года.

belsat.eu