12 верасня ў Мінску адбываецца жаночы марш (фотарэпартаж)
Сочым за падзеямі.

12 верасня ў Мінску мае адбыцца жаночы марш салідарнасці. Пачатак а 15 гадзіне каля Ратушы на Плошчы свабоды.
Перад пачаткам акцыі супрацоўнікі прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама папярэдзілі прэсу, каб трымаліся далей — мінімум 50 метраў ад мерапрыемства.
17:30 Марш скончаны. Удзельніцы разыходзяцца, скандуюць: "Заўтра з пацанамі!".
17:20 На скрыжаванні праспекта і вуліцы Казлова калона скандуе "Да заўтра" і "Дзякуй". Людзі пачынаюць разыходзіцца, але ціхары хапаюць самотных удзельнікаў.



17:00 Жаночая калона перайшла на іншы бок праспекта Незалежнасці каля вуліцы Дарашэвіча і павярнула да ЦУМа.


16:50 Нягледзячы на тое, што праспект амаль перакрыты для аўтатранспарту, калона рухаецца толькі па ходніках.Скандуюць "Вярніце нашу Машу", "Мы гуляем" , "Гэта наш горад". Па прыблізных падліках, у акцыі прымаюць удзел каля 10 тысяч чалавек.


16:40 Жанчыны рухаюцца да Акадэміі Навук. Цягам марша аб'ядноўвалася некалькі жаночых калон, якія ішлі з розных бакоў.
16:30 Вялікая жаночая калона ідзе да плошчы Якуба Коласа. Падчас маршу здараліся цікавыя выпадкі. Мужчына заблакаваў сваім аўто праезд для машыны сілавікоў, за гэта яго выцягнулі з машыны і затрымалі. Паведамляюць, што, верагодна, мужчыну прывезлі ў Цэнтральны РАУС.

16:10 Калона жанчын дайшла да плошчы Перамогі.


15:55 Жаночая калона павярнула на вуліцу Зыбіцкую.

15:50 Пад мостам каля Нямігі затрымалі некалькіх жанчын, журналістку Белсата Кацярыну Андрэеву і аператара.
Чытачы паведамляюць, што ў раёне Палаца спорту стаяць каля 10 мікрааўтобусаў без нумароў, некалькі аўтобусаў і аўтазакаў. У іх сядзяць супрацоўнікі міліцыі і людзі ў аліўкавай форме. Калона пайшла да наберажнай.
15:40 Жанчыны мінаюць Траецкае прадмесце ў накірунку Палаца спорту. Да марша далучаюцца новыя ўдзельніцы.


15:30 Частка ўдзельніц сабралася пасля "хапуна" і крочыць у бок Нямігі.


15:25 На мітынгу пачаліся затрыманні. Затрымалі практычна ўсіх — паведамляецца пра 100 затрыманых дзяўчын. Тых, хто паспеў разбегчыся, шукаюць па дварах.

15:10 Жанчыны атачылі машыны сілавікоў і патрабуюць вызвалення затрыманых на акцыях пратэсту.


15:00 На плошчы збіраюцца жанчыны. З'явілася легендарная Ніна Багінская.




14:45 Зараз каля плошчы Свабоды знаходзяцца мінібусы без нумароў.
