2,7 мільёна еўра! На мяжы Літвы затрымалі адну з найбуйнейшых партый кантрабандных цыгарэт з Беларусі
У крымінальнай службе мытні Літвы пачата дасудовае расследаванне па факце затрыманай у аўторак (5 кастрычніка) кантрабанды. Мытнікі пункта Лаварышкес, агледзеўшы грузавік, які прыбыў з Беларусі, выявілі ў ім, па папярэдніх даных, каля 750 тысяч пачкаў цыгарэт, піша delfi.lt.
Як сказана ў афіцыйным паведамленні, грузавы аўтамабіль Man, які прыбыў з Беларусі ў аўторак, мытнікі Лаварышкскага пункта кантролю праверылі з дапамогай рэнтгенаўскай сістэмы кантролю. Службовыя асобы падазравалі, што аўтамабіль мог перавозіць кантрабанду. Калі дзверы адчыніліся, мытнікі ўбачылі ў задніку часткі паўпрычэпа велізарныя мяшкі з драўнянымі грануламі. Неўзабаве ў тых жа мяшках былі выяўленыя пачкі цыгарэт.
Пры наступным аглядзе высветлілася, што большая частка паўпрычэпа была адгароджана драўлянай дошкай, а пакінутая прастора за ёй таксама была забіта каробкамі цыгарэт.
Па папярэдніх даных, у гэтым грузавіку перавозілася каля 1500 каробак (750 тысяч пачкаў) беларускіх цыгарэт Fest, кошт якіх з улікам падаткаў складае 2,737 млн еўра.
Грузавік і кантрабанда затрыманыя, у Віленскім аддзяленні КСТ пад кіраўніцтвам Віленскай абласной пракуратуры пачата дасудовае расследаванне па факце кантрабанды.
Гэта адзін з найбуйнейшых грузаў кантрабанды, затрыманы на літоўскай мытні сёлета. Самая буйная партыя кантрабанды была выяўленая ў ноч на 1 красавіка, калі супрацоўнікі КСТ ліквідавалі склад кантрабанды ў Каўнаскім раёне. Там былі затрыманыя сем грамадзян Расіі і Літвы і два грузавікі з больш чым 1 млн пачкаў цыгарэт на 3,91 млн еўра.