Камісія Frontex правярае факты групавых выцясненняў мігрантаў з Літвы
Літва праводзіць праверку па факце групавых выцясненняў мігрантаў з тэрыторыі краіны, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на Delfi.lt.
Праверка праводзіцца сумесна з Еўрапейскім агенцтвам памежнай і берагавой аховы Frontex. Расследаванню падлягаюць як мінімум 14 паведамленняў пра сур'ёзныя інцыдэнты на мяжы Літвы з Беларуссю.
Паводле літоўскіх законаў, мігранты могуць падаваць прашэнні аб прытулку толькі на памежных КПП або ў амбасадах. У кожным канкрэтным выпадку праводзіцца ацэнка сітуацыі, і, калі мігрантам патрэбная гуманітарная, медыцынская ці іншая дапамога, яна прадастаўляецца, адзначаюць у МУС Літвы.
Агенцтва Frontex не каментуе бягучыя расследаванні. Праваабаронцы Еўрасаюза мяркуюць, што выцясненне мігрантаў з памежнай тэрыторыі Літвы парушае Еўрапейскую канвенцыю аб правах чалавека.
У 2021 годзе праз мяжу з Беларуссю ў Літву праніклі амаль 4,2 тысячы нелегальных мігрантаў. У суботу, 9 кастрычніка, трапіць у Літву спрабавалі 56 нелегалаў, але памежнікі не пусцілі аніводнага з іх.