32 гады таму пад Віцебскам усталявалі першы крыж у памяць ахвяраў сталінізму

Пасля выхаду артыкула «Курапаты — дарога смерці» неабыякавыя да гістарычный памяці людзі пачалі шукаць звесткі пра «расстрэльныя» месцы ў розных рэгіёнах Беларусі. І неўзабаве пад Віцебскам, на ўзлеску каля вёскі Паляі, з’явіўся першы мемарыяльны крыж.

2021_11_05_lipka_5_listapada_f1.jpg

Звесткі пра “сталінскія расстрэлы” ў гэтых мясцінах паведамілі самі вяскоўцы, прыгадвае віцяблянін Якаў Рыжык:

— У мяне ў вёсцы Паляі была сваячка, Цярэшка Зінаіда Іванаўна. Яна была сведкай, як за вёскай кожную ноч расстрэльвалі людзей. Гэта не было сакрэтам для вяскоўцаў, яны ўдзень хадзілі на тое месца і бачылі ямы-магілы, злёгку прысыпаныя зямлёй і прыкрытыя галлём.

Якаў Рыжык быў удзельнікам клубу аматараў гісторыі і даўніны “Узгор’е”, і ён распавёў пачутае сваім сябрам. Вырашылі дзейнічаць: запісаць аповеды сведак і звярнуцца ў аблвыканкам, каб далі дазвол на ўсталяванне ў тых мясцінах памятнага знака.

Улады адмовілі, і ўдзельнікі клубу вырашылі самі ўшанаваць памяць забітых ахвяраў, распавяла ўдзельніца тых падзеяў Ірына Аляксандрава:

— З простых бярвенняў хлопцы зрабілі крыж, зрабілі шыльдачку “Ахвярам сталінскіх рэпрэсій”. Усталяванне крыжа адбылося 5 лістапада 1989 года. Каля сотні людзей прыйшлі на адкрыццё гэтага нашага народнага помніка — у каго загінулі бацькі, дзяды…

Крыж быў усталяваны на ўзлеску, дзе паказалі мясцовыя жыхары, якія памяталі месцы расстрэлаў. Той першы крыж не захаваўся — як і дзясятак наступных, знішчаных у розны час невядомымі вандаламі. Але ў апошнія гады народны мемарыял не чапаюць, і яго добра відаць з дарогі Р21 Віцебск-Лёзна.

Грамадскія актывісты неаднаразова звярталіся да ўладаў, каб правесці даследаванні “расстрэльных” мясцін і ўсталяваць там сапраўдны помнік, але ў адказ атрымліваюць выключна адмовы.

Беларускае Радыё Рацыя