Гарадзенцы сабралі грошы на штраф Анатоля Мышкевіча
Ленінскі суд Горадні аштрафаваў Анатоля Мышкевіча на 30 базавых велічынь (690 рублёў) за тое, што ён выйшаў да аблвыканкаму з плакатам «Не трэба вайны, каб знішчаць беларускі народ! Для гэтага існуе беларуская медыцына».
Падставай для таго, каб стаць з плакатам каля аблвыканкаму, стала смерць ягонага дзеда. «Хуткая дапамога» даставіла 88-гадовага мужчыну ў шпіталь, дзе яго адмовіліся прыняць, бо ён зарэгістраваны ў Мінскай вобласці.
Анатоль Мышкевіч распавёў, што пасля гэтага чытаў мноства каментароў на розных сайтах, у якіх людзі абураліся рашэннем суду і прапаноўвалі збіраць грошы на ягоны штраф.
«Потым мне канкрэтна напісалі людзі ў «Фэйсбук» і прапанавалі дапамогу. Я не адмовіўся. І вось за ўчорашні дзень на мой рахунак даслалі 398 рублёў. Мяне гэта вельмі ўразіла, я не чакаў такой чалавечай салідарнасці ад гарадзенцаў. Разумею, што цяпер ні ў кога няма тых грошай, але ўсё ж хто рубель, хто болей даслаў, каб мне дапамагчы. Мне дасылаюць грошы людзі, якіх я ніколі ў вочы ня бачыў. А колькі людзей мне напісалі цёплыя словы спачуванняў і падтрымкі! Я ўсім вельмі ўдзячны за такое чалавечае стаўленне».
Дзеду Анатоля Мышкевіча было 88 гадоў, у яго амаль па ўсім целе былі вялікія ацёкі. Летась ён праляжаў некалькі дзён у шпіталі, яму рабілі кропельніцы, уколы, і праз пэўны час яму стала значна лепей. І вось гэтым разам усё паўтарылася, ён папросту курчыўся ад болю. Анатоль выклікаў «хуткую дапамогу», і яго павезлі ў чацьверты шпіталь Горадні. Але там лекар адмовіўся глядзець дзеда, які стагнаў ад болю. У картцы старога было запісана, што ён зарэгістраваны ў Мінскай вобласьці. У выніку давялося ехаць у іншы шпіталь, але і там сітуацыя паўтарылася.
Мышкевіч напісаў зварот да старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму і ва ўпраўленне аховы здароўя з патрабаваннем прымаць у шпіталі ўсіх хворых, дастаўленых «хуткай», незалежна ад рэгістрацыі. А яшчэ ён патрабуе, каб ад займанай пасады быў вызвалены чыноўнік, які выдаў указ № 344.
З плякатам Мышкевіч стаў побач з аблвыканкамам толькі з адной мэтай — прыцягнуць увагу прэсы і грамадскасці да гэтай сітуацыі, каб справа стала галоснай і не знікла бясследна ў чыноўніцкіх кабінетах.
Сёння Анатоль Мышкевіч ідзе запісвацца на прыём да старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзіміра Краўцова.
Паводле harodniaspring.org