887 гісторыкаў запатрабавалі ад улады адчапіцца ад БЧБ-сцяга

887 гісторыкаў адправілі заяву ў Генпракуратуру, парламент і Інстытут гісторыі НАН з нагоды ініцыятывы забараніць нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг

img_3404_2_logo_1.jpg


Як піша Беларускі Партызан са спасылкай на Facebook гісторыка Алеся Смалянчука, у сваёй заяве гісторыкі падрабязна патлумачылі, чаму для забароны БЧБ-сцяга няма ніякіх падставаў, і настойваюць на тым, што прапагандысты, якія ініцыявалі і ўдзельнічаюць у кампаніі па дыскрэдытацыі нацыянальнага сцяга, павінны панесці адказнасць.

Сярод падпісантаў — 21 доктар навук, 108 кандыдатаў і PhD.

«Агульная колькасць падпісантаў перавысіла 3 тысячы, але на сайце мы вырашылі пакінуць Імёны толькі тых, хто так ці інакш звязаны з гісторыяй як навукай або вучэбнай дысцыплінай альбо займаецца краязнаўствам», — растлумачыў Смалянчук.

У заяве гісторыкаў гаворыцца:

«У сувязі з разгортваннем рэжымам Лукашэнкі прапагандысцкай кампаніі па забароне ў Рэспубліцы Беларусь бела-чырвона-белага сцяга мы, беларускія гісторыкі, заяўляем:

— Бела-чырвона-белы сцяг з’яўляецца нацыянальным і дзяржаўным беларускім сімвалам. Ён быў ухвалены ў 1917 годзе ўсімі беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі і стаў дзяржаўным у 1918 годзе, напрыканцы Першай сусветнай вайны, калі новыя краіны, якія ўзніклі на руінах імперыяў, зацвярджалі свае дзяржаўныя сімвалы. Наша нацыянальная дзяржава Беларуская Народная Рэспубліка прыняла дзяржаўны герб — старажытную Пагоню і дзяржаўны сцяг — бела-чырвона-белага колераў, адпаведных беларускім народным і гістарычным традыцыям…

— Выкарыстанне калабарантамі нацыянальных сімвалаў у часы Другой святовай вайны было звычайнай справай у Еўропе і не можа весці да іх дыскрэдытацыі. Мы бачым, як дзяржавы з падобным гістарычным досведам, як, напрыклад, Расія, Украіна, Францыя, Літва, Латвія, Харватыя, Нарвегія, Данія ды іншыя шануюць свае нацыянальныя сцягі.

— У верасні 1991 г. Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў бела-чырвона-белы сцяг дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь. У 1994 годзе менавіта пад ім прыносіў прысягу новаабраны прэзідэнт Лукашэнка.

Сённяшняя афіцыёзная прапагандысцкая кампанія па дыскрэдытацыі і забароне нацыянальнага і дзяржаўнага сімвала Беларусі бела-чырвона-белага сцяга не мае ніякага гістарычнага абгрунтавання, вядзе да расколу грамадства і распальвання варажнечы паміж грамадзянамі Беларусі. Арганізатары і ўдзельнікі гэтай кампаніі павінны панесці адказнасць не толькі перад дом гісторыі, але і юрыдычную».