«Аб пераездзе ва Украіну гаворкі не ідзе». Румас не стаў каментаваць ператрусы ў яго мінскім доме

Экс-прэм'ер Сяргей Румас паведаміў TUT.BY, што знаходзіцца ў Кіеве з рабочай паездкай. Такім чынам, ён абверг здагадкі пра змену месца жыхарства.

200299400085_54106.jpg

— Так, сапраўды, я прыляцеў у Кіеў. Але ніякай канспіралогіі — гэтая паездка звязана з тымі праектамі, пра якія я гаварыў раней. Аб пераездзе ва Украіну гаворкі не ідзе, — сказаў Румас.

Экс-прэм'ер таксама паведаміў, што яго яшчэ не зацвердзілі ў назіральную раду «Рассельгасбанка».

— Усё ідзе ў рамках стандартных працэдур. Я супрацоўнічаў з «Рассельгасбанкам» яшчэ з часоў працы ў «Белаграпрамбанку» і буду рады папрацаваць з прафесійнай камандай аднаго з найбуйнейшых банкаў Расіі, — сказаў Румас.

Ён не стаў каментаваць інфармацыю пра ператрусы ў яго мінскім доме.

Сяргей Румас пакінуў пасаду прэм'ер-міністра Беларусі ў чэрвені 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка абнавіў склад урада. Яго замяніў Раман Галоўчанка. Тады Лукашэнка адзначыў, што Румас вырашыў сысці ў бізнес.

У лютым 2021 года затрымалі сяброў Румаса. Сам ён у гэты час быў у Лондане і Казахстане. Пазней экс-прэм'ер сказаў, што знаходзіцца ў Англіі, не мае палітычных амбіцый і мае намер вярнуцца да працы ў фінансавай сферы.