Львоў адмовіўся ад куплі 100 беларускіх аўтобусаў МАЗ

Улады Львова адмовіліся ад куплі беларускіх аўтобусаў МАЗ і маюць намер правесці новы тэндар у спадзяванні на перамогу ўкраінскага вытворцы.

1892274.jpg


Пра гэта заявіў мэр Львова Андрэй Садовы, паведамляе АФН.

«У тэндары перамагае беларуская кампанія. Да такой высновы прыйшлі эксперты Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Яны (беларусы. — Заўв. рэд.) далі лепшую цану. Мы прызнаём гэты тэндар? Не. Мы анансуем новы, спадзеючыся, што ў ім усё-ткі пераможа украінская кампанія», — заявіў Садовы у сваім відэазвароце на Youtube.

«Рэвалюцыя і пабудова дэмакратычнага грамадства — гэта справа беларускага народа. Але мы не маем права фінансаваць рэжым. Бо ў нас ёсць украінскія вытворцы, якія маюць патрэбу ў падтрымцы», — заявіў сярод іншага Андрэй Садовы.

Ён запатрабаваў ад улад Украіны прыняць прэферэнцыйныя папраўкі для мясцовых вытворцаў і заклікаў сваіх калег — кіраўнікоў іншых гарадоў і рэгіёнаў Украіны — аб’яднацца і адмовіцца ад закупкі аўтатэхнікі за мяжой.

У прынцыпе, Садовы мог бы і не турбавацца. Наўрад ці «МАЗ» бы паставіў яму свае аўтобусы. Хутчэй бы «пракінуў», як гэта ўжо было з расіянамі.