Абяры гадзіну, каб маліцца за Радзіму: 12 красавіка стартуе няспынная малітва за Беларусь
З 12 красавіка пачынаецца няспынная малітва за Беларусь. Хрысціяне розных канфесій аб’ядноўваюцца, каб праз малітву змяніць сітуацыю ў краіне да лепшага.
Акцыя мае назву «Абяры сваю гадзіну, каб маліцца за Радзіму». Яе сутнасць заключаецца ў тым, каб ні на хвіліну не спынялася малітва за Беларусь. Для дасягнення гэтай мэты неабходна было аб’яднаць 168 чалавек, якія б на працягу гадзіны маліліся адзін раз на тыдзень, паведамляе хрысціянскі інфармацыйны партал Крыніца.info.
Зараз усе малітоўныя гадзіны занятыя, але жадаючыя могуць далучыцца і маліцца па двое ці трое разам, паведаміла адна з арганізатараў акцыі Вольга Севярынец.
Думкі пра неабходнасць пастаянна маліцца за сваю краіну прыходзілі многім, але агучыла такую прапанову каталічка Юлія Фралова, ідэю падтрымаў пратэстант Аляксей Шэін і праваслаўны Павел Севярынец. Так стварылася арганізацыйная група, разам вырашылі актывізаваць і пашырыць малітву за Беларусь, якая існуе з 2006 года і адбываецца штодня ўвечары. Многія моляцца дома, а некаторыя ў 20:00 збіраюцца разам. У Мінску месца вызначана ля Чырвонага касцёла, і ў многіх гарадах ёсць месцы, дзе збіраюцца вернікі разам для малітвы. І гэта акрамя звычайных малітоўных і іншых службаў у цэрквах, касцёлах і дамах малітвы.
Вольга Севярынец упэўнена, што людзі будуць у пэўны час маліцца. «Вернікі ставяцца да акцыі вельмі адказна — гэта адказнасць перад Богам, сабою, Радзімаю. Многія сур’ёзна ўзважваюць свае магчымасці і сілы, і некаторыя адмаўляюцца — кажуць, што не змогуць аддана маліцца цягам гадзіны. А тыя, што застаюцца, будуць маліцца дакладна», — кажа яна.
Неабходнасць у такой малітве Вольга тлумачыць так: «Трэба маліцца, каб Бог зберагаў нашу краіну. Малітва — гэта тое, што мы можам і павінны рабіць».
Ініцыятыўная група малітоўнага марафону прапануе прыкладныя тэмы малітваў.
За адзінства, бо гэта салідарная духоўная адказнасць неабыякавых хрысціянаў перад Богам і будучымі пакаленнямі.
За Адраджэнне — грамадскае, духоўнае, нацыянальнае і эканамічнае.
За мір і супакой у Беларусі, за сем’і, за ненароджаных дзяцей і за спыненне абортаў.
За народ і павагу да беларускай мовы.
За свабоду беларусаў ад алкагалізму, наркаманіі, таксікаманіі, іграманіі.
За ўсенароднае пакаянне ў грахах камунізму, абыякавасці і крадзяжу.
За тое, каб беларусы пазбавілася ад страху чалавечага і мелі страх Божы.
За цэрквы.
За моладзь і дзяцей, за ўсынаўленне сіротаў, за аздараўленне хворых.
За незалежнасць і цэласнасць Беларусі.
За тое, каб хрысціянскія прынцыпы былі нормай жыцця для беларусаў і за адказнасць ва ўсіх сферах жыцця Беларусі.
За непарушнасць, любоў і вернасць сем’яў.
За згоду паміж хрысціянамі Беларусі.
За спыненне самагубстваў.
За пакаянне ўсёй Беларусі.
Але кожны можа маліцца за вырашэнне той праблемы, якую лічыць найбольш вострай.