Цэнтр Гомеля застаўся без электрычнасці. Дапоўнена: Мінэнерга патлумачыла прычыну
Цэнтр Гомеля часова застаўся без электразабеспячэння з-за аварыйнага адключэння, паведамляе РУП «Гомельэнерга».

Паводле інфармацыі прадпрыемства, абясточана больш за 40 вуліц, якія знаходзяцца, у асноўным, у цэнтры горада. На частцы з іх электрычнасць знікла ў 16.29, яшчэ на некаторых — у 16.40 і 17.05.
У РУП «Гомельэнерга» растлумачылі, што прычынай стала аварыйнае адключэнне. Работы па аднаўленні падачы электрычнасці ўжо ідуць.
Дапоўнена: Як паведаміла «Белэнерга» ў сваім тэлеграм-канале, брыгады выконваюць работы па аднаўленні электразабеспячэння спажыўцоў, праца адной кабельнай лініі ўжо адноўлена. Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай адключэння стала падвышаная тэмпература вонкавага паветра.