Ад сталіцы ў кожны абласны цэнтр за тры гадзіны?

Міністэрства транспарту імкнецца да таго, каб са сталіцы да любога абласнога цэнтра на цягніку можна было дабрацца за тры гадзіны, і каб чыгуначнікі канкуравалі з аўтамабільным транспартам.

Фота rw.by

Фота rw.by

Пра гэта заявіў міністр транспарту і камунікацй Анатоль Сівак 23 кастрычніка, паведамляе mlyn.by. Пры гэтым кардынальна павялічваць хуткасць пасажырскіх цягнікоў у Беларусі не плануецца. Але рэканструкцыя шляхоў праводзіцца пастаянна, а значыць, з кожным годам будуць з'яўляцца новыя ўчасткі чыгункі, па якіх транспарт зможа ехаць хутчэй, заявіў міністр.
— Імкнемся да таго, каб дабрацца са сталіцы да любога абласнога цэнтра можна было за 3 гадзіны, і каб чыгуначнікі канкуравалі з аўтамабільным транспартам. Пакуль па ўсіх напрамках гэты прамежак часу больш, — адзначыў міністр.
Устаноўленая ў Беларусі максімальная хуткасць руху пасажырскіх цягнікоў — 140 км/г. Яна залежыць у асноўным ад стану інфраструктуры.
— Але ёсць яшчэ і грузавыя цягнікі, якія перамяшчаюцца з хуткасцю 90 км/г. Любое павелічэнне хуткасці пасажырскага транспарту патрабуе зняцця з рэйсаў пэўнай колькасці грузавых лакаматываў. Гэта пацягне за сабой павышэнне кошту праезду для пасажыраў, каб кампенсаваць страчаны прыбытак ад грузаперавозак. БЧ такіх дзеянняў не плануе. Баланс, які склаўся зараз, нас задавальняе, — растлумачыў Анатоль Сівак.