Адкрый сваё сэрца жывёлам!
Штогод 4
кастрычніка ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень абароны жывёл. Сёлета ў Беларусі ўпершыню адбудзецца акцыя "Адкрый сэрца", прымеркаваная да гэтага дня.

Рашэнне адзначаць Сусветны дзень абароны жывёл (Сусветны дзень жывёл) было прынята ў 1931 годзе ў Фларэнцыі на міжнародным кангрэсе прыхільнікаў руху ў абарону прыроды.
Дата была абраная не выпадкова, 4 кастрычніка вядомы як Дзень памяці каталіцкага святога Францыска Асізскага, які лічыцца заступнікам жывёл.
Мэта свята — звярнуць увагу чалавецтва на праблемы іншых насельнікаў Зямлі.

Паводле інфармацыі Сусветнага фонду дзікай прыроды (WWF), тры віды жывёл знікаюць з твару Зямлі кожную гадзіну; 70 відаў флоры і фауны планеты знікаюць штодня; чвэрць усіх відаў флоры і фауны планеты перастануць існаваць у бліжэйшы час; за 25 гадоў біялагічная разнастайнасць Зямлі скарацілася на траціну.
Традыцыйна ў Сусветны дзень абароны жывёл адбываюцца розныя акцыі і дабрачынныя мерапрыемствы.

Сёння ў Мінску ўпершыню адбудзецца першая глабальная зоаабарончыя акцыя «Адкрый сэрца», прымеркаваная да Сусветнага дня абароны жывёл.
Арганізатары
акцыі — установа «Цэнтр этычных адносін да прыроды" і ўстанова адукацыі
«Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі» — запрашаюць да ўдзелу неабыякавых
жыхароў сталіцы і іншых рэгіёнаў Беларусі, навучэнцаў школ, гімназій і іншых
устаноў адукацыі, іх бацькоў і педагогаў выйсці на адкрытую пляцоўку
каля Палаца, каб «сабраць» сэрца — сімвал дабрыні, міласэрнасці і спагады.
Гэтая акцыя для тых, хто спачувае жывёлам, разумее неабходнасць дапамагаць ім,
перакананы, што жывёлы не горш за людзей, лічыць, што ўсе прадстаўнікі фауны
маюць права на жыццё без болю і пакут, для тых, хто сам дапамагае жывёлам, чым можа.
