Адзін пікет — тры кандыдаты: збор подпісаў БСДП (Грамада)
Пікет па зборы подпісаў правялі кандыдаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) каля рынку Лагуна ў мікрараёне Кавалёва.

Сам мікрараён падзелены на некалькі выбарчых акруг, таму Валянцін
Лазарэнкаў, Сяргей Мазан і Віктар Кавалюк вырашылі аб'яднаць свае сілы і
правесці сумесны пікет. Акцыя прайшла пры ўдзеле Ігара Маслоўскага,
Ганны Канюс і Святланы Алесюк.
«Жыхары мікрараёна цікавіліся нашымі біяграфіямі, ахвотна ставілі подпісы і распавядалі пра тое, што іх хвалюе. Нам усім давялось выслухаць крытыку вынікаў дзейнасці дзеючай улады. Берасцейцаў хвалюе поўная адсутнасць нават інфармацыі пра дзейнасць дзеючага дэпутата» — пракаментаваў Валянцін Лазарнекаў, член БСДП і актывіст кампаніі «За наш горад».

«Мы аб'ядналі свае пікеты, таму што ведаем мікрараён і разумеем праблемы Ковалёўкі. Рашэннем гарвыканкама тэрыторыі нашых трох акруг настолькі парэзаныя, што знікае сэнс акругі як цэласнай тэрыторыі. Мы супраць такіх рашэнняў, якія раз'ядноўваюць жыхароў аднаго двара і мы зацікаўлены разам вырашаць лакальныя праблемы раёна як гэта рабілі раней у межах кампаніі «За Наш Горад» — адзначыў актывіст кампаніі Сяргей Мазан.

«Мы ўдзячныя жыхарам Брэста за іх падтрымку. У гэты перадсвяточны дзень, нягледзячы на штармавы вецер і дробны дождж, мы як і раней разам з Вамі. З надыходзячымі Вас святамі! Разам мы зробім наш горад лепш!» — звярнулася да берасцейцў Ганна Канюс, старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі БСДП.

Паводле прэс-рэліза