Лукашэнка «выдатна разумее перспектывы» прэзідэнцкіх выбараў у Расіі

Палітычная барацьба на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі абвострыцца, але драматычнай не будзе, личыць Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Фота: ТАСС

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Фота: ТАСС

Пра гэта кіраўнік Беларусі сказаў на нефармальнай сустрэчы лідараў краін СНД, якая 26 снежня праходзіла ў рэзідэнцыі Уладзіміра Пуціна ў Нова-Агарове пад Масквой.

"Наша сустрэча традыцыйная, але, тым не менш, носіць палітычнае адценне ў тым сэнсе, што ядро нашых аб'яднанняў — СНД, ЕўрАзЭС, Саюзная дзяржава Беларусь-Расія, перажывае такі адказны перыяд. Палітычнае адценне звязанае з тым, што ў гэтым ядры, у Расіі, прэзідэнцкія выбары. Натуральна, што гэта, як і ў нашых дзяржавах, заўжды абвастрэнне палітычнай барацьбы", — цытуе Аляксандра Лукашэнку "РИА Новости".

Па яго словах, лідары краінаў СНД ўпэўненыя, што гэтая палітычная барацьба не будзе драматычнай, "як калісьці было ў расійскай гісторыі, і гэта вялікая заслуга прэзідэнта Расіі".

"Мы не будзем казаць пра перспектывы, выдатна разумеючы іх. Расійскі народ, думаю, правільна вырашыць гэтыя праблемы", — дадаў Лукашэнка.

Прэзідэнцкія выбары ў Расіі прызначаныя на 18 сакавіка 2018 года. Раней 26 снежня ініцыятыўная група афіцыйна вылучыла Уладзіміра Пуціна кандыдатам у прэзідэнты. Праўда, сам Уладзімір Уладзіміравіч на гэты сход  не прыехаў.

euroradio.fm